Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 траўня 2000 г.


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Наваполацак за савецкім часам быў адметны тым, што ў ім адсутнічалі дзьве асноватворныя рэчы – помнік правадыру і гарадзкі герб. І хаця за апошняе дзесяцігодзьдзе мастакі стварылі ці мала праектаў такога герба, тым ня менш сваёй сымболікі горад вялікай хіміі і не прыдбаў. І вось днямі гэта здарылася.

Пра тое, ці трэба прыдумляць штосьці новае, ці трэба ўзяць за аснову старажытны полацкі герб з выяваю карабліка на дзьвінскіх хвалях, адназначнай думкі няма. Многія лічаць, што Новаму Полацку няварта адасабляцца ад Полацку старога, пагатоў яшчэ чатыры гады таму гарады зьбіраліся аб'ядноўваць і з гэтай мэтай нават спрабавалі правесьці апытаньне грамадзянаў.

Інтэграцыйны імпэт аднак суняўся, і вось днямі мастацкая рада зацьвердзіла канцэпцыю гарадскога герба, прапанаваную мастаком Віктарам Лук'яненкам. Прапанаваны герб уяўляе сабою шчыт з двума палямі: сінім у гары і блакітным на доле. На сіняй аснове, дзе месьцяцца сем залатых зорачак – па колькасьці вёсак, што праглынуў Наваполацак за часамі свайго будаўніцтва, а на полі блакітным, якое сымбалізуе Дзьвіну, месьціцца выява белага гарлачыка – сымболю міру і дабрабыту.

Мастак, як бачым, адыйшоў ад савецкай традыцыі выўляць на гербах рознага кшталту індустрыяльнае прычындальле і выканаў праект у эўрапейскай традыцыі, пагатоў залатыя зорачкі на сінім фоне – гэта ня што іншае, як фрагмэнт сьцягу Эўразьвязу.

Аднак Полацак з Наваполацкам, і ў гэтым няма ніякага сумневу, у хуткім часе мусяць аб'яднацца, і за герб аб'яднанага гораду – і ў гэтым таксама няма сумневу – будзе абрана выява карабліка, які прыплыў да нас з мінулых стагодзьдзяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG