Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 траўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Рэдакцыя газэты "Наша Ніва" атрымала паведамленьне з Генэральнай пракуратуры пра тое, што ёй накіраванае афіцыйнае папярэджаньне за публікацыю артыкула Сямёна Шарэцкага. Надоечы газэта атрымала папярэджаньне Дзяржаўнага камітэту ў справах друку. А некалькі папярэджаньняў могуць стаць падставаю да справы аб закрыцьці гаэты ў судовым парадку.

Супрацоўнік Генэральнае пракуратуры Станіслаў Новікаў паведаміў "Радыё Свабода", што "Нашай Ніве" <http://members.xoom.com/Nasa_Niva/>, сапраўды, накіраванае афіцыйнае папярэджаньне за парушэньне закону аб друку.

Гаворыць Станіслаў Новікаў:

"Грамадзянін Дубавец як галоўны рэдактар газэты даў дазвол на публікацыю ў газэце артыкула "Зараза фашызму", аўтарства якога належыць былому старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі. І ён дапусьціў там шмат непрыемных, абражальных выказваньняў на адрэсу службовых асобаў дзяржавы й грамадзянаў Расейскае Фэдэрацыі".

Гэта быў прадстаўнік Генэральнае пракуратуры Станіслаў Новікаў.

Артыкул Сямёна Шарэцкага, пра які йдзе гаворка ў папярэджаньні пракуратуры, называўся "Зараза фашызму. А.Лукашэнка капіруе А.Гітлера" <http://members.xoom.com/_XMCM/Nasa_Niva/2000/15/15.htm>. Ён быў апублікаваны сёлета 10 красавіка.

Шарэцкі ў ім называе Лукашэку дыктатарам, піша, што той упадабаў шлях разьвіцьця грамадзтва паводле Гітлера, што падмацоўвае выказваньнямі зь вядомага інтэрвію Лукашэнкі нямецкай газэце "Гандэльсблат". Шарэцкі прыводзіць прыклады няпраўя, піша пра магутны паліцыйны апарат, зазначае, што тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі скончаны летась 20 ліпеня, што супраць ягонага рэжыму ўзбуджаная крымінальная справа й вядзецца сьледзтва, і заклікае грамадзянаў спыняць незаконныя гэтыя дзеяньні рэжыму.

У рэдакцыі "Нашай Нівы" зазначаюць, што нязгодныя з такой ацэнкаю публікацыі, лічаць яе прадузятай і будуць аспрэчваць папярэджаньне. Гаворыць рэдактар выпуску "Нашай Нівы" Андрэй Дынько:

(Дынько: ) "Такое ўражаньне, што папярэджаньне выносіцца газэце невыпадкова. Два папярэджаньні за апошні час, прычым вельмі бязглуздыя папярэджаньні, атрымала "Белорусская деловая газета". І ў такую сытуацыю цяпер пастаўленая і "Нашая Ніва". Фактычна, магчыма, мы яшчэ не да канца ведаем, у чым сутнасьць гэтага папярэджаньня. Але магчыма, што ім ужо ставіцца пад пагрозу існаваньне газэты. Газэты, якая была адноўленая ў 1991 годзе, і якая 9 год існуе. Мы будзем адстойваць свае правы, мы ня будзем пагаджацца так проста з гэтымі папярэджаньнямі. Змагацца будзем абавязкова. Сямён Шарэцкі надрукаваў за гэты год у нас некалькі сваіх артыкулаў. У ніводным з гэтых артыкулаў не было нічога такога, што супярэчыла б законам і канстытуцыі нашай краіны. Дзеля гэтага, я абсалютна ўпэўнены ў нашай рацыі і ў тым, што на гэты раз змаганьне будзе пасьпяховым".

Гэта быў адзін з кіраўнікоў газэты "Наша Ніва" Андрэй Дынько.

Дарэчы, супрацоўнік Генэральнае пракуратуры Станіслаў Новікаў ня лічыць, што пасьля гэтага папярэджаньня газэта можа быць зачыненая ў судовым парадку. Вось што ён адказаў на пытаньне, што цяпер чакае "Нашу Ніву":

"Хай працуе, нам такія газэты патрэбныя", – гэтак лічаць у пракуратуры Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG