Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 траўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Менск наведаў былы прэзыдэнт Летувы Альгірдас Бразаўскас. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымаў дыплём ганаровага доктара Эўрапейскага гуманiтарнага ўнiвэрсытэту.

У афіцыйнай біяграфіі Альгірдаса Бразаўскаса найбольш уражвае наступны факт – у 1965 годзе, калі Бразаўскасу было толькі 33 гады, ён стаў міністрам прамысловасьці будаўнічых матэрыялаў тады яшчэ Летувіцкае савецкае сацыялістычнае рэспублікі.

Таямніцу таго, чым выкліканы такі ўнікальны кар'ерны ўзьлёт, былы першы сакратар летувіцкае кампартыі і былы презыдэнт Летувіцкае Рэспублікі сёньня не раскрываў. У сваёй 40-хвіліннай прамове ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце пасьля атрыманьня дыплёму ганаровага доктара высокі госьць спыніўся пераважна на апошніх гадох сваёй палітычнае біяграфіі. Ён зь відавочным натхненьнем распавядаў пра канец 80-х – пачатак 90-х, калі Летува здабывала сваю незалежнасьць ад Савецкага Саюзу. Зь ня меншым задавальненьнем сацыял-дэмакрат Бразаўскас крытыкаваў памылкі, зробленыя кіруючай цяпер у Летуве кансэрватыўнай кааліцыяй.

Што да Беларусі, то тут госьць выказваўся вельмі асьцярожна й стрымана. У прыватнасьці, ён анічога не распавёў прысутным пра характар сваёй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Адказваючы на пытаньне, што ён думае наконт прапановы кіраўніка Беларусі стварыць 300-тысячную вайсковую беларуска-расейскую групоўку, Бразаўскас адзначыў, што Летува, відаць, будзе рэагаваць гэтак, як і ўся Эўропа. "Я ў сваім выступе гаварыў, што цяпер голая вайсковая сіла мала што вырашае. Так што мне вельмі цяжка камэнтаваць такія складаныя прапановы", – адзначыў былы прэзыдэнт Летувы.

Гэткімі ж стрыманымі былі адказы Бразаўскаса на пытаньні, якія мне ўдалося задаць літаральна па дарозе ад аўдыторыі да аўтамабіля…

(Карэспандэнт: ) "Ці мусіць Летува надаваць больш увагі міждзяржаўным стасункам або сувязям з дэмакратычнай апазыцыяй?"

(Бразаўскас: ) "Мая думка адназначная. Беларусь зьяўляецца дзяржаваю і Летува падтрымвае міждзяржаўныя стасункі. Гэта нават не падлягае дыскусіі. Апазыцыя ёсьць у кожнай дзяржаве, і гэта нутраная справа гэтае дзяржавы. Таму ацэньваць гэта мне як грамадзяніну іншае дзяржавы было б вельмі легкадумна".

(Карэспандэнт: ) "А калі б Вы былі кіраўніком Летувы, ці далі б Вы палітычны прытулак Шарэцкаму, ці пашыралі б сетку незалежных радыёстанцыяў? Афіцыйная Беларусь ня вельмі гэтым задаволеная…"

(Бразаўскас: ) "Я ведаю, што незадоволеная. Але летувіцкая дзяржава дэмакратычная. Супраць мяне як былога прэзыдэнта таксама пішуць кожны дзень, ня менш чым тады, калі я быў прэзыдэнтам. Аднабаковымі забаронамі гэтыя працэсы заглушыць нельга. Я думаю, што такія працэсы павінны заглушацца ўнутры дзяржавы палітычнымі мэтадамі, кантактамі з апазыцыяй, вызначэньнем нейкіх магчымасьцяў для апазыцыі выявіць сябе".

Сёньня ўвечары Альгірдас Бразаўскас выступіў зь лекцыяй у Міжнародным адукацыйным цэнтры, пасьля заканчэньня якой правёў прэсавую канфэрэнцыю.

XS
SM
MD
LG