Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 траўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Хаця праца над завершаньнем Канцэпцыі нацыянальнага разьвіцьця, вядомай пад назовам "Стратэгія для Беларусі", павінна быць паскораная, гэта ня той выпадак, калі якасьцю можна ахвяраваць на карысьць хуткасьці. Да такое высновы прыйшлі ўдзельнікі сёньняшняга паседжаньня Нацыянальнага выканаўчага камітэту – "ценявага ўраду" Беларусі.

З моманту публічнага абмеркаваньня Канцэпцыі нацыянальнага разьвіцьця Беларусі на буйной міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску прайшло амаль два месяцы. Тады, а таксама на працягу некалькіх тыдняў паступілі цікавыя пісьмовыя рэцэнзіі на яе ад навукоўцаў з Нямеччыны, Польшчы, Украіны, беларускіх эканамістаў, сацыёлягаў, палітолягаў.

Здавалася, што творчы калектыў, створаны пры "ценявым" урадзе, вось-вось выдасьць канчатковы варыянт працы. Але сёньня стала бачна, што навукоўцам патрэбна яшчэ ня менш за месяц для падрыхтоўкі канчатковага варыянту. Сябры "ценявага" ўраду папрасілі творчы калектыў паскорыць тэмпы, але пры гэтым захаваць і якасьць працы. На думку выканаўцы абавязкаў кіраўніка Нацыянальнага выканаўчага камітэту Мечыслава Грыба, гэта магчыма, хаця пэўныя цяжкасьці тут ёсьць.

(Грыб: ) "Мы вельмі стараемся, каб зрабіць гэты дакумэнт вельмі дакладна. Вось сёньня ўсе зьвярнулі ўвагу на тое, што ў нас мала месца было адведзена ворганам мясцовага самакіраваньня. Яны сапраўды згадваліся ў канцэпцыі, але сказаць, што мы сфармулявалі, якімі яны паавінны стаць заўтра, – гэтага не было. Тут мы плянуем дапрацаваць. Сёньня ў нас ворганаў мясцовага самакіраваньня няма, бо ўсе ўладныя структуры з самага нізу падпарадкоўваюцца, і кіраўнікі прызначаюцца аж прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. І ніжэйшыя ворганы, нават выбраныя, падпарадкоўваюцца вышэйстаячым, таксама выбраным. Скажам кіраўнік нейкага савету дэпутатаў павінен быць прапанаваны вэшэйстаячым саветам. Мы будзем прапаноўваць у разьдзеле "Крок за крокам" сваё бачаньне гэтых ворганаў. Мы хацелі б, каб яны былі больш самастойнымі, мелі свае бюджэтныя крыніцы".

Гэта быў выканаўца абавязкаў старшыні Нацыянальнага выканаўчага камітэту Мечыслаў Грыб.

Сёньня стала вядома й пра перамовы, якія правёў на даручэньне "ценявага" ўраду спадар Грыб з кіраўнікамі аргкамітэту ў правядзеньні Ўсебеларускага зьезду. Паводле паведамленьня, у аргкамітэце прапанова ўключыць у парадак дня зьезду пытаньне аб Канцэпцыі нацыянальнага разьвіцьця выклікала вялікую зацікаўленасьць. Перамовы на гэтую тэму будуць працягвацца.

На сёньняшьнім паседжаньні быў прынят тэкст адмысловае заявы "Аб абароне сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь". У ёй адзначаецца, што пяць год таму, з моманту першага рэфэрэндуму пачалося разбурэньне падмурку беларускае дзяржаўнасьці. Фактычна з таго моманту вядзецца непрыхаваная русіфікацыя беларускага народа, якая суправаджаецца выцісканьнем і дыскрымінацыяй беларускае мовы й беларускае культуры.

XS
SM
MD
LG