Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 траўня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На беларуска-польскай мяжы стала неабавязкова запаўняць дэклярацыі. Наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў высьветліў, з чым зьвязаная такая зьмена ў мытным рэжыме.

9 траўня на беларуска-польскай мяжы ў Брузгах пасажыры былі ўражаныя – мытнікі перасталі патрабаваць запоўніць дэклярацыю. Падзея выглядала папросту рэвалюцыйнай, людзі рвалі блянкі дэклярацыяў і выкідалі ў сьметніцу. Яшчэ днём раней гэты акт выглядаў бы як законанепаслушэнства, як нейкі выклік.

Ніякай сэнсацыі ў гэтым няма, – пасьпяшаліся пераканаць мяне на Гарадзенскай міжрэгіянальнай мытні, – папросту пачалі напоўніцу выконваць 99-ты загад. Мне паказваюць ксэракопію загаду Дзяржаўнага Мытнага камітэту ад 3 сакавіка 1997 года. Гэта загад аб парадку дэкляраваньня асабістай маёмасьці. У ім пазначана, што дапускаецца вуснае дэкляраваньне. Гэта значыць, напрыклад, што калі вы вывозіце валюты да 500 даляраў або беларускіх грошай да 100 мінімалак (ці ў некаторых іншых выпадках,) вы можаце проста паведаміць аб гэтым мытніку і не запаўняць дэклярацыю.

Вось так. Але хто пра гэта ведаў сярод звычайных грамадзянаў? Намесьнік начальніка Гарадзенскай мытні Алег Кудрашоў тлумачыць мне, што нічога не зьмянілася, што такія досыць лібэральныя правілы існавалі ўжо тры гады. Але на самай справе для пасажыраў сытуацыя ўвесь час ускладнялася. У савецкія часы запаўнялі адну дэклярацыю, пры Лукашэнку стала неабходным запаўняць па дзьве, а калі вы на машыне – тры. Прычым у блянках зьявіліся новыя пункты, напрыклад, аб правозе друкарскіх вырабаў. Адну дэклярацыю здавалі, а другую трэба было здаць пасьля вяртаньня назад. Намесьнік начальніка мытні сказаў, што новы парадак уведзены для паскарэньня мытнага агляду.

Застаюцца і выпадкі абавязковага дэкляраваньня: калі вы вывозіце больш за 500 даляраў, або наадварот, калі ўвозіце ў краіну тавараў больш чым на 1000 даляраў. У астатніх выпадках вас таксама могуць папрасіць запоўніць дэклярацыю, але толькі зрэдку, для эпізадычнага кантролю.

Дзіўна, што афіцыйна замацаваныя правілы тры гады трымаліся ад грамадзкасьці ў сакрэце.

XS
SM
MD
LG