Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 траўня 2000 г.


Юры Дракахруст

Напярэдадні 9-га траўня расейскія войскі, дысьлякаваныя ў Чачні, былі пераведзеныя ў стан падвышанае баявое гатоўнасьці. Учора камандуючы расейскаю вайсковаю групоўкаю на Каўказе генэрал Трошаў аб'явіў, што расейскае ваеннае кіраўніцтва чакае тэрарыстычных актаў у Чачні пад час сьвяткаваньня Дня Перамогі. Паводле паведамленьня чачэнскіх паўстанцаў, якое не было пацьверджанае незалежнымі крыніцамі, сёньня, пад час бою каля вескі Ўлус-Керт былі забітыя 40 расейскіх дэсантнікаў.

Выступаючы ў прамым эфіры тэлекампаніі НТБ, генэрал Трошаў заявіў, што расейскае войска знаходзіцца ў Чачні менавіта дзеля таго, каб "гэтыя нягоднікі не папсавалі сьвята". Паводле ягоных словаў , "войска ня сыйдзе з Чачні, пакуль ня будуць зьнішчаныя ўсе бандыты, у тым ліку Басаеў і Хатаб". Адзін з найбольш уплывовых кіраўнікоў чачэнскіх паўстанцаў Шаміль Басаеў аб'явіў, што сёньня яны прапыняюць баявыя дзеяньні на адзін дзень. Ён патлумачыў гэта тым, што 9-га траўня – агульнае сьвята для ўсіх, хто ваяваў супраць фашызму.

Тым ня менш, сёньня ж прадстаўнікі чачэнскіх паўстанцаў на сваім сайце ў Інтэрнэце паведамілі пра бой, які адбыўся 9 траўня на рацэ Віштар, каля вёскі Ўлус-Керт. Паводле гэтага паведамленьня, пад час сутыкненьня былі забітыя 40 расейскіх дэсантнікаў. Пакуль гэтая інфармацыя не была пацьверджаная расейскімі афіцыйнымі асобамі і незалежнымі крыніцамі.

Напярэдадні дня Перамогі расейскія войскі ў Чачні правялі праверку 19 тысячаў чалавек, 63 падазроных былі затрыманыя. На працягу сутак таксама было канфіскавана 30 адзінак зброі. 8 траўня ў адным з буйных гарадоў Чачні – Гудэрмэсе, было знойдзена падрыхтаваная пазыцыя для снайпэра і зброя. Гэтая пазыцыя знаходзілася побач зь месцам, дзе было заплянаванае правядзеньне сьвяточных урачыстасьцяў. У Кургалойскім раёне Чачні былі абязшкоджаныя два фугасы.

Два моцныя выбуховыя прыстасаваньні былі знойдзеныя і абязшкоджаныя сёньня таксама ў Махачкале, сталіцы Дагестану, які мяжуе з Чачней. Гэтыя прыстасаваньні былі закладзеныя пад помнік Леніну, каля месца правядзеньня сьвяточнага параду.

Сёньня ж Шаміль Басаеў аб'явіў, што ў канцы траўня чачэнскія паўстанцы распаўсюдзяць свае апэрацыі на паўдзёныя рэгіёны Расеі. А чачэнскі лідэр Аслан Масхадаў выступіў з новымі прапановамі аб перамовах з расейскімі ўладамі. Ён прапанаваў да 30 траўня аб'явіць пра спыненьне агню, пачаць двухбаковыя міжурадавыя перамовы і аб'явіць пра амністыю. Ён лічыць, што трэба стварыць сумесныя чачэнска-расейскія ваенныя ворганы кіраваньня, а потым – цывільныя ворганы ўлады. Масхадаў прапануе распачаць перамовы пры пасярэдніцтве АБСЭ. Асноўныя тэзы сваей новай ініцыятывы ён выклаў сёньня ў інтэрвію інфармацыйнай агенцыі France Press. Варта нагадаць, што ўсе ранейшыя прапановы Масхадава пра перамовы катэгарычна адхіляліся расейскім прэзыдэнтам Владзімірам Пуціным.

Камандуючы расейскімі войскамі на Каўказе генэрал Трошаў сёньня ўручаў ўзнагароды ўдзельнікам вайны. Генэрал Трошаў зьвярнуўся да ўдзельнікаў чачэнскага супраціву: ён прапанаваў ім скласьці зброю і скарыстацца з фэдэральнай амныстыі, тэрмін якой сканчаецца 15-га траўня.

Паводле агенцыі ИТАР-ТАСС сёньня прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў арыштавалі ў Вядзенскім раёне Чачні дырэктара нацыянальнай службы бясьпекі Ічкерыі Ібрагіма Хултыгава.
Сёньня ж распачаўся візыт ў Чачню расейскага адмысловага ўпаўнаважанага ў правох чалавека ў Чачні Ўладзімера Каламанава. Каламанаў мусіць праверыць цьвержаньні міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія абвінавачваюць расейскія войскі ў гвалце і забойствах мірнага насельніцтва ў Чачні, а таксама ў катаваньні вязьняў фільтрацыйных лягераў.

Паводле паведамленьняў расейскіх афіцыйных асобаў сьвяточныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі прайшлі сёньня па ўсёй тэрыторыі Чачні. У Грозным адбыўся парад аддзелаў нутраных войскаў, спэцыяльных аддзелаў МУС Расеі, а таксама чачэнскіх ўзброеных фармаваньняў, ляяльных да Расеі.

XS
SM
MD
LG