Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 траўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Расейскі пісьменьнік Уладзімер Багамолаў зьбіраецца зьняць сваё імя з амаль гатовай экранізацыі ягонага твору "Момант ісьціны". Віну за няўдалую рэалізацыю праекту літаратар ускладае на рэжысэра Міхала Пташука.

Паводле кінематаграфічных крыніцаў, у супольны расейска-беларускі праект укладзена ўжо 5,5 млн. даляраў. Але й гэтая лічба не канчатковая. Нягледзячы на тое, што натурныя здымкі ўжо зробленыя, 20 адсоткаў фільму яшчэ ў працы.

Назіраючы такі нечаканы паварот падзеяў, расейскі бок перастаў адлічваць грошы ў супольную скарбонку. Сярод тых, хто загадзя падлічвае страты – канцэрн "Роскино", алігарх Беразоўскі, думскі дэпутат-бізнэсмэн Сямага, камэрцыйныя структуры партыі Зюганава ды іншыя.

Спадзевы на шматразовую аддачу пакуль што ня спраўджваюцца. Тэрміны паказу ўжо некалькі разоў запар адкладваліся. Нарэшце, было абяцана, што напярэдадні сьвята Перамогі адбудзецца адначасовая па ўсёй СНД генэральная прэм'ера эпахальнае карціны. Калі й гэты тэрмін аказаўся нерэальным, Міністэрства культуры падоўжыла здымкі да 26 чэрвеня, каб пасьпець прынамсі да Дня вызваленьня Беларусі. Але можа здарыцца, што й гэтая дата ня будзе апошняй.

Аўтар і сцэнарыст Уладзімер Багамолаў замест прэм'еры пагражае судовым разьбіральніцтвам з рэжысэрам Міхалам Пташуком.

Спрэчкі вакол "Моманту ісьціны" разгарэліся яшчэ да таго, як Пташук прыступіў да працы. Аляксандар Лукашэнка, даючы першы мільён даляраў, сказаў: "…Толькі з той умоваю, што гэта стужка зьбярэ ўсе прызы сьвету, усіх "оскараў" і "мядзьведзяў". Каб увесь сьвет ведаў, што ёсьць такая Беларусь". Мяркуючы па ўсім, надзеі на беларускага "оскара" заўчасныя.

75-гадовы Багамолаў не ўпершыню змагаецца зь інтэрпрэтатарамі сваіх твораў. І ва ўсіх выпадках першапрычынаю быў менавіта "Момант ісьціны". Чвэрць стагодзьдзя таму Багамолаў дайшоў да югаслаўскага лідэра Броз Ціта, калі западозрыў, што пераклад на сэрбскую мову не супадае з арыгіналам. Яшчэ праз 10 гадоў ягоныя намаганьні прывялі да адхіленьня ад здымкаў рэжысэра Вітаўтаса Жалакявічуса – тады "Момант ісьціны" быў зьняты на 90 адсоткаў.

Загнаць у кут не абцяжаранага рэгаліямі Пташука навогул проста. У Багамолава яшчэ з савецкага часу засталіся вельмі моцныя заступнікі. Ён адзін зь нямногіх, хто мае гэтак званы дакумэнт "тры Ка" – свабодны доступ да звышсакрэтных архіваў. "Момант ісьціны" цалкам пабудаваны на выніках працы асобых аддзелаў.

Сярод прычынаў канфрантацыі, якія Багамолаў пералічыў у факсавым пасланьні на ймя міністра культуры Сасноўскага, фігуруюць: самавольнае адступленьне рэжысэра ад сцэнару, увод напаўгістарычных асобаў, адсутнасьць духу эпохі й г.д. У якасьці патрабаваньня – замена назвы стужкі ды адсутнасьць усялякага узгадваньня ў тытрах імя Багамолава. У выпадку невыкананьня умоваў, парушэньнем аўтарскіх правоў будзе займацца суд.

Некаторыя бачаць прычыну у грашах. Вядома, што аванс Багамолава за сцэнар склаў 30 тысячаў даляраў. Канчатковая лічба паводле вынікаў працы павінна была вырасьці да 100 тысячаў.

У хуткім часе пасьля пагадненьня зь Міністэрствам культуры Беларусі, Багамолаў атрымаў прывабную прапанову ад тэлеканалу "ОРТ". Ягонае кіраўніцтва абяцала ўсе ўмовы для працы й прапаноўвала свайго рэжысэра. Адмова ад беларускага варыянту адразу прынесла б літаратару ганарар, які ў 10 разоў вышэй, чым прапанаваны Менскам. Пры гэтым канал "ОРТ" быў гатовы кампэнсаваць выдаткі й вярнуць нашаму міністэрству 30 тысячаў даляраў з уласных рахункаў. Тады маральны абавязак не дазволіў вядомаму аўтару зьмяніць правілы гульні. Але час прайшоў, і ня выключана, што Багамолаў пашкадаваў.

Зараз у поўнай разгубленасьці ня толькі рэжысэр Пташук, але й беларускія чыноўнікі. Менавіта ім давядзецца адказваць перад Лукашэнкам за нечаканы правал. Трэба нагадаць, што з пачаткам здымкаў "Моманту ісьціны" жыцьцё на "Беларусьфільме" было зпаралізаванае. Бюджэты больш чым 10 мастацкіх і дакумэнтальных стужак былі нацыяналізаваныя на карысьць, так бы мовіць, "праекту стагодзьдзя".

Надоечы загадам Міністэрства культуры створаная апэратыўная група, у абавязкі якой уваходзіць адсочваць падзеі на галоўнай здымачнай пляцоўцы й рабіць штотыднёвыя справаздачы. Але кампэтэнтныя асобы лічаць, што гэта ня выратуе: надзеяў на прымірэньне Багамолава й Пташука ўжо няма.

XS
SM
MD
LG