Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 траўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Беларускія хлопцы пад час вайсковае службы падвяргаюцца дыскрымінацыі паводле моўнае прыкметы. На гэты аспэкт парушэньня правоў чалавека зьвяртае ўвагу грамадзкасьці і ўладаў Таварыства Беларускае Мовы ў адмыслова прынятай заяве ды лісьце да міністра абароны краіны Аляксандра Чумакова.

Днямі ў Таварыства Беларускае Мовы прыйшлі два хлопцы, якія атрымалі позвы на службу ў войска. Яны ня хочуць быць салдатамі ў войску, якое цалкам ігнаруе мову краіны, якую мусіць абараняць.

Яны ня супраць выканаць, кажучы словамі афіцыйнае прапаганды, свой канстытуцыйны абавязак, але служыць згодныя толькі ў такім войску, якое гаворыць са сваім народам на адной мове. Таму што рытарычнае пытаньне: "каму служыш, прымаючы прысягу на мове суседняе краіны?" – на практыцы, на жаль, мае зусім не рытарычны адказ.

Супольныя з Расеяй вайсковыя дзеяньні Беларусі – найлепшы доказ падпарадкаванасьці інтарэсаў беларусаў стратэгічным мэтам чужое для нашых хлопцаў краіны. Атрымліваецца ў літаральным сэнсе паводле формулы: "на чыёй мове гаворыш – таму й служыш".

Усьведамленьне беларускаю моладзьдзю гэтае простае аксыёмы прыводзіць да рэзкага павелічэньня тых, чые грамадзянскія перакананьні супярэчаць практыцы, якая ўсталявалася пасьля 94-га году ў беларускім войску. Адсюль і адмова ад службы ў ім.

Выбар перад такімі хлопцамі паўстае незайздросны: або два гады сьпяваць на маршах "Россия – родина моя", або столькі ж часу правесьці за кратамі вязьніцы за непрыняцьце гэтага вайскова-сьпеўнага рэпэртуару.

У сувязі з такім антыпраўным станам рэчаў у войску Таварыства Беларускае Мовы прыняло 4 траўня адмысловую заяву, у якой патрабуе ад ураду ўжо пад час сёлетняе веснавое кампаніі прыняць канкрэтныя захады ў выпраўленьні сытуацыі. У прыватнасьці, стварыць у кожнай вайсковай частцы беларускамоўныя баталёны, для кіраваньня якімі падабраць афіцэраў, якія валодаюць беларускаю моваю ў аб'ёме, неабходным для правядзеньня выхаваўчае працы й вайсковае падрыхтоўкі.

Заўважым, што такія афіцэры ёсьць, яны прайшлі неабходную падрыхтоўку ў часе спробы беларусізаваць войска адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці краіны, але веды іхныя аказаліся незапатрабаванымі з прыходам да ўлады Лукашэнкі.

ТБМ патрабуе таксама забясьпечыць усе вайсковыя часткі тэкстам прысягі па-беларуску й саму ўрачыстасьць з нагоды прыняцьця навабранцамі прысягі на вернасьць Радзіме праводзіць на мове тытульнае нацыі краіны.

У лісьце да міністра абароны спадара Чумакова ТБМ прапануе супрацоўніцтва ў справе рэалізацыі гэтых патрабаваньняў: "Мы маем добра распрацаваную вайсковую тэрміналёгію, дапаможам зрабіць пераклад статутаў, параім добрых выкладчыкаў для вядзеньня курсаў у вывучэньні беларускае мовы", – абяцаюць ТБМаўцы міністру ды выказваюць упэўненасьць, што беларусізацыя войска значна падвысіць аўтарытэт міністэрства абароны.

Міністар, верагодна, ня супраць падвышэньня прэстыжу свайго ведамства, але ж над ім ёсьць галоўнакамандуючы, перад якім той, як салдат-навабранец перад сяржантам-"дэмбелем".

XS
SM
MD
LG