Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 траўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Галоўнымі праблемамі распаўсюджваньня беларускіх пэрыядычных выданьняў зьяўляюцца несваечасовая дастаўка іх падпісчыкам і вялікія страты, што нясуць рэдакцыі. Да такое высновы прыйшлі сёньня ўдзельнікі круглага стала, які праводзіўся ў рамках выставы "Прэса-2000".

Гэтая дзея сабрала пераважна прадстаўнікоў дзяржаўных выданьняў. Незалежныя мас-мэдыі былі прадстаўленыя некалькімі супрацоўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і "БДГ", якія хутчэй выконвалі ролю назіральнікаў і ў дыскусіі ўдзелу ня бралі.

Бальшыня часу была патрачаная на скаргі прадстаўнікоў дзяржаўных газэтаў на фактычнага манапаліста ў галіне распаўсюджваньня прэсы – "Белсаюздрук". Маўляў, долю ад рэалізацыі газэтаў і часопісаў "Саюздрук" бярэ непамерна вялікі, а за нерэалізаваныя праз кіёскі выданьні страты нясуць толькі рэдакцыі. Прадстаўнікі "Белсаюздруку", у сваю чаргу, раілі незадаволеным лепш працаваць.

Дзеля лепшае працы рэалізатараў прапаноўвалася зьліквідаваць манаполію "Белсаюздруку" на гэты від дзейнасьці, як гэта зроблена ў Расеі, Украіне ды іншых дзяржавах, дзе йснуюць дзясяткі адпаведных прыватных фірмаў.

Старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхал Падгайны паабяцаў гэтую ідэю падтрымаць. Ён таксама лічыць нездавальняльнай працу "Белпошты", якая несваечасова дастаўляе газэты падпісчыкам. Паводле ягоных словаў, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч днямі выдаў пастанову, якая забавязвае дастаўляць пэрыёдыку падпісчыкам не пазьней 8 гадзінаў раніцы ў гарадох, і не пазьней 14 гадзінаў – у вёсках.

Прадстаўнікі некаторых рэдакцыяў таксама скардзіліся, што ня могуць з-за вялікіх падаткаў трапіць са сваім таварам на расейскі рынак. Міхал Падгайны нават прывёў лічбы: у Беларусі цяпер рэалізуецца больш як 3 тысячы расейскіх выданьняў, а ў Расеі – усяго 25 беларускіх.

Тут слова ўзяў прысутны намесьнік міністра ў справах друку Расеі Валеры Сіражэнка, які паведаміў, што днямі падатак на даданую вартасьць зь беларускіх выданьняў, якія рэалізуюцца ў Расеі, адменены.

Зусім іншы падарунак – ужо ад Дзяржаўнага камітэту ў справах друку – у міжнародны дзень свабоды прэсы атрымала рэдакцыя "Белорусской Деловой Газеты". Ведамства спадара Падгайнага вынесла газэце афіцыйнае папярэджаньне за тое, што нібыта ў вадным з матэрыялаў "БДГ" быў абражаны гонар і годнасьць супрацоўнікаў мытнага камітэту. (У артыкуле сьцьвярджалася, што беларускія мытнікі канфіскуюць у даход дзяржавы расейскія транзытныя грузы.) Гэта ўжо другое папярэджаньне, вынесенае газэце за гэты год, і цяпер, паводле закону, "БДГ" можа быць закрыта праз суд.

Вось як патлумачыў дзеяньні свайго камітэту Міхал Падгайны:

(Падгайны: ) "Мы ж не выносім папярэджаньне таму, што Падгайны прачытаў гэты матэрыял і лічыць, што тут парушаецца нейкім чынам заканадаўства. Мы атрымліваем пэўны ліст-заключэньне Мытнага камітэту, бо яны лічаць, што тут парушаны Закон аб друку. Пасьля гэтага мы запрошваем міністэрства юстыцыі і атрымліваем заключэньне. Толькі пасьля гэтага мы выносім папярэджаньне. А Беларуская Дзелавая накіруе пратэст у суд – выйграе суд. Там сапраўды ёсьць пэўныя пытаньні, і я не перакананы, што суд прыме наш бок. Больш за тое, калі абгрунтавана адкажа нам БДГ, магчыма мы палюбоўна, не даводзячы справу да суда, адклічам гэтае папярэджаньне",

– паведаміў нашаму радыё старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку спадар Падгайны.

Закрываць жа "БДГ", паводле словаў Падгайнага, ніхто не зьбіраецца, бо гэта лепшая рэкляма для выданьня. І такі падарунак газэце старшыня камітэту рабіць не зьбіраецца.

XS
SM
MD
LG