Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 траўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Куды зьнік Юрый Захаранка? Гэтаму пытаньню прысьвячалася сустрэча сваякоў экс-міністра ды сяброў грамадзкае камісіі ў ягоных пошуках з журналістамі недзяржаўных выданьняў, што адбылася сёньня ў аб'яднаньні "Праўная дапамога насельніцтву".

7 траўня – роўна год, як зьнік экс-міністар нутраных справаў Юры Захаранка – чалавек, які быў як раз той асобаю, вакол якой маглі аб'яднацца сілы беларускай апазыцыі. Што здарылася з Захаранкам – дакладна грамадзтва ня ведае, хаця здагадак на гэтую тэму няшмат, і ўсе яны зьвязаныя з палітычнай дзейнасьцю былога міністра. Нехта гэтую дзейнасьць паспрабаваў спыніць. Хто?

Грамадзкае аб'яднаньне "Праўная дапамога насельніцтву" склікала сёньня журналістаў на сустрэчу са сваякамі Юрыя Захаранікі й сябрамі грамадзкай камісіі, якая займаецца ягонымі пошукамі паралельна з афіцыйным сьледзтвам.

Дарэчы, на сустрэчу былі запрошаныя і сьледчая гарадзкое пракуратуты Сьвятлана Байкова, якая расьледуе справу, і былы міністар нутраных справаў Юры Сівакоў, які пасьля зьнікненьня Захаранкі публічна заявіў , што "знайсьці яго – справа гонару беларускае міліцыі". Аднак яны не прыехалі. Сьледчая сказала, што не бачыць сэнсу ў такой сустрэчы, паколькі няма аніякай новай інфармацыі. А ад былога міністра проста не паступіла аніякіх тлумачэньняў.

Ацэнка таго, што адбылося з Юрыям Захаранкам, сёньня, праз год пасьля здарэньня, адназначная…

"У нас былі ўсе вэрсіі, мы іх адпрацоўвалі, але давялося адкінуць усё, акрамя палітычнае вэрсіі. Застаецца толькі яна, і матывы зьнікненьня Захаранкі трэба шукаць у палітыцы", – лічыць кіраўнік грамадзкае камісіі, былы прафэсійны сьледчы Алег Воўчак.

Між тым, паводле ягоных словаў, афіцыйнае сьледзтва якраз гэтую вэрсію і ня лічыць вартае ўвагі. У выніку шляхі грамадзкае камісіі і афіцыйнага сьледзтва разыйшліся, і цяпер яны нават не кантактуюць. Пры гэтым грамадзкія сьледчыя спасылаюцца на прыватныя размовы з супрацоўнікамі пракуратуты, якія канфідэнцыйна паведамілі, што нічым завершыліся спробы ўзяць інфармацыю пра вынікі нагляду за Захаранкам, які вялі спэцслужбы напярэдадні ягонага зьнікненьня.

"Кажуць, што рапарты таго нагляду зьніклі, недзе згубіліся. Але адмыслоўцам вядома, што справаздачы нагляду захоўваюцца на працягу 25 гадоў. Такім чынам ад пракуратуры яўна хаваюць праўду", – лічыць яшчэ адзін сябра грамадзкае камісіі, былы міліцыянт Уладзімер Арэстаў. На ягоную думку, канчатковы адказ на пытаньне "Дзе Юры Захаранка?" стане вядомы толкі пры зьмене ўлады.

Але гэта не азначае, што грамадзкасьць можа супакоіцца й спыніць пошукі. "Для нас Юры Захаранка – ня проста зьніклы, а зьніклы бязь вестак, як пад час баявых дзеяньняў, і мы не супакоімся, пакуль не знойдзем яго жывым", – гэтак лічыць сябра грамадзкае камісіі Ўладзімер Арэстаў.

Ад Воўчака, Арэстава і яшчэ аднаго сябры камісіі Ўладзімера Барадача прагучала інфармацыя, якая раней не агалошвалася. Напрыклад, стала вядома, што афіцыйнае сьледзтва валодае прозьвішчамі людзей, якія бачылі, як увечары 7 траўня летась шэсьць невядомых асобаў спынілі Захаранку, зьбілі яго з ног, а потым зацягнулі ў "Жыгулі" і зьехалі.

Нагадаю, доўгі час міліцыя казала, што сьведкі ня знойдзеныя, што гэта былі толькі ананімныя тэлефанаваньні. Аказалася, што гэта хлусьня. Сьведкаў пяць ці нават шэсьць, – сьцьвярджае Барадач. – Іхныя паказаньні ў шмат якіх момантах супадаюць, ёсьць нават сьведка, які ведаў Захаранку ў твар. Іншае пытаньне, ці гатовыя гэтыя сьведкі даць такія ж паказаньні цяпер, як год таму. На яго палкоўнік Барадач, ведаючы магчымыя спосабы ўзьдзеяньня на людзей, адказаць ня можа.

І яшчэ адзін важны момант. Аказваецца, якраз 7 траўня вонкавае сачэньне за Захаранкам было зьнятае, што зьніжала колькасьць магчымых сьведкаў.

Ці ёсьць падставы казаць, што супраць Захаранкі дзейнічала нейкая замежная спэцгрупа? Палкоўнік Барадач лічыць, што выканаўцамі маглі быць хто заўгодна, але заказ паступіў адсюль, зь Беларусі:

"Павінны быць дакумэнты на машыну, пропускі, ды іншае прыкрыцьцё, бо машына зь непрытомным чалавекам у салёне ці ў багажніку так проста па вуліцах горада не паедзе", – кажа Барадач.

З гэтага ён робіць выснову, што, безумоўна, у злачынцаў было прыкрыцьцё на самым версе, і што гэта паводле нейкага мясцовага заказчыка дзейнічала высокапрафэсійная спэцгрупа. Але ані грошы, ані бізнэс, ані нейкія сямейныя праблемы тут ні пры чым, бо іх у Захаранкі не было. Галоўнае – палітыка, – перакананыя сябры грамадзкай камісіі ў пошуках былога міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG