Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Зь сёньняшняга дня чарговы раз падвышаныя кошты на вадкае паліва. Адначасова адмененыя палёгкі ў цэнах для сельскіх спажыўцоў.

Кошты на бэнзын і дызэльнае паліва падвысіліся прыблізна на 10-12 адсоткаў. Так, літар 76-га бэнзыну будзе каштаваць 222 рублі, 92-га – 348 рублёў, 95-га – 410, дызэльнага паліва – 209 рублёў. Яшчэ даражэйшым паліва будзе на магістралі Берасьце – мяжа РФ.

Гэтае падвышэньне значна адаб'ецца на бюджэце аўтааматараў. Гэтак, поўны бак бэнзыну аўтамабіля сярэдняе клясы будзе каштаваць на дзьве тысячы рублёў даражэй, чым раней.

А адмена паніжаных тарыфаў для сельскагаспадарчых спажыўцоў выкліча незадаволенасьць сельскіх вытворцаў. Але такія захады неабходныя. Сельская гаспадарка атрымлівае шмат разнастайных палёгкаў, але вынікі ейнае працы ад гэтага зусім не паляпшаюцца.

У размове з карэспандэнтам "Свабоды" сытуацыю пракамэнтаваў заступнік кіраўніка Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар Сасноў. Ён заявіў: "Мне падаецца, што асноўная прычына падвышэньня коштаў у тым, што Беларусі няма чым плаціць суседняй дзяржаве за энэрганосьбіты. Урад адназначна зарыентаваўся на расейскія энэрганосьбіты, замест таго, каб дывэрсіфікаваць крыніцы энэргіі. Цяпер у Беларусі вялікая запазычанасьць, а даўгі трэба плаціць. На мой погляд, падвышэньне коштаў выклікана менавіта тым, што ў дзяржавы не хапае грошай, каб аплаціць запазычанасьць. Таму яна адбірае грошы ў тых, хто яшчэ нешта зарабляе".

Аляксандар Сасноў лічыць таксама, што галоўная памылка была зробленая беларускім урадам значна раней. Паводле меркаваньня спадара Саснова, "анічога добрага, але й нічога дрэннага ў падвышэньні коштаў няма. Трэба было раней ісьці на лібэралізацыю цэнаў на паліва. Гэта й сёньня не запозна. Цэны – гэта толькі тэмпэратура на градусьніку. І трэба не тэмпэратуру зьбіваць, а лячыць хваробу".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG