Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча й дэпутата Валерыя Шчукіна. Удзельнікі паседжаньня знаёміліся зь відэастужкамі, на якіх зафіксаваныя падзеі 17 кастрычніка.

Сёньня судзьдзя Ігар Крот вырашыў абмежавацца праглядам відэастужак, зробленых супрацоўнікамі Міністэрства нутраных справаў і КГБ, а таксама фільма Беларускае тэлевізіі "Як гэта было". Гэта той самы фільм, які ў свой час стаў нагодаю да звароту ў суд спадарыні Цярлюкевіч з-за таго, што тэлевядучы Зімоўскі абразіў удзельнікаў "Маршу Свабоды".

Пад час прагляду відэастужак судзьдзя некалькі разоў падымаў і Шчукіна, і Статкевіча, каб тыя пацьвердзілі, што на стужцы менавіта яны, і каб патлумачылі свае дзеяньні ў той ці іншы момант.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў гэты працэс "Радыё Свабода":

(Статкевіч: ) "Па-сутнасьці, усе гэтыя кадры абвяргаюць абвінаваўчае заключэньне, бо там відавочна, што я зрабіў усё магчымае на вуліцы Першамайскай, каб не дапусьціць сутыкненьняў. Калі прарвалі першы ланцуг, там відаць, што я рукамі разгарожваў тых, хто біўся паміж сабой. А другі момант – на адной зь іх стужак відаць, як на рагу з вуліцай Пуліхава я зрабіў невялікі ланцуг і спрабаваў павярнуць калёну на вуліцу Пуліхава, каб далей адцягнуць той момант. Калі людзі разыходзіліся, дык выразна відаць, як раступіўся ланцуг спэцназа, выскачылі салдаты тэрміновай службы ў форме АМАПа і пачалі хапаць і зьбіваць людзей. Дэманстранты спыніліся, пачалі бараніць людзей, а калі ўбачылі, што ляжаць камяні, яны пачалі бараніць сябе",

– паведаміў Мікола Статкевіч.

Дэпутат Валеры Шчукін дадаў:

"Зь відэазапісу бачна, што менавіта міліцыя падбухторвала натоўп, каб справакаваць людзей на супрацьпраўныя дзеяньні", – лічыць Валеры Шчукін.

Разгляд крымінальнае справы лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча й дэпутата Валерыя Шчукіна будзе працягнуты заўтра ў Гарадзкім судзе Менску.

XS
SM
MD
LG