Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 траўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча й дэпутата Валерыя Шчукіна.

Сёньняшняе судовае паседжаньне ў крымінальнай справе Валерыя Шчукіна й Міколы Статкевіча судзьдзя Ігар Кротаў пачаў з апытаньня сьведак. Вера Ціцянкова паведаміла суду, што шэсьце 17 кастрычніка адбылося таму, што людзі не пажадалі сабірацца на балоце й хадзіць па ходніках. А Вера Цярлюкевіч патлумачыла, што ініцыятараў шэсьця, на ейную думку, увогуле не было.

Валеры Шчукін заявіў хадайніцтва, каб у судовым паседжаньні былі агалошаныя зьместы загадаў, у адпаведнасьці зь якімі вайскоўцы дзейнічалі на вуліцах Менску 17 кастрычніка. Суд не задаволіў гэтае хадайніцтва.

Тады грамадзкі абаронца Міколы Статкевіча спадар Нісьцюк заявіў хадайніцтва, каб да справы прыцягнулі закон аб міліцыі і некаторыя нарматыўныя дакумэнты. Судзьдзя пагадзіўся на гэта.

Пасьля апытаньня сведкаў суд праглядаў відэастужкі, зробленыя супрацоўнікамі Міністэрства нутраных справаў і КГБ.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў сёньняшняе паседжаньне для "Радыё Свабода":

(Статкевіч: ) "Судзьдзя ўвесь час дапытваўся ў гэтых людзей, ці замінае калёна руху аўтамабільнага транспарту, ці парушалі яны закон? Праўда спадар судзьдзя не запытаўся, шгто мы лічым законам, а што – не. Бо закон, гэта ёсьць кампраміс грамадзкі, прыняты прадстаўнікамі грамадзтва, дэпутатамі законна абранымі. А калі адзін чалавек напісаў дэкрэт №5, а потым прызначаныя ім дэпутаты назву дэкрэта перарабілі на закон, то выконваць такі закон можна не заўсёды. Я нагадаю, што пасьля заканчэньня паўнамоцтваў спадара Лукашэнкі, дэмакратычныя партыі заявілі, што яны будуць выбарча выконваць заканадаўчыя акты ў галіне асноўных правоў чалавека. Такім чынам, калі людзі так званым законам пазбаўленыя права на свабоду шэсьцяў і дэманстрацыяў, яны вымушаныя парушаць гэты так званы закон. Мой адвакат сказала, і я цалкам згодны зь ёй, што мой шанец у гэтым працэсе гэта тое, што ёсьць відэа, якое прадставіла тэлебачаньне, найперш НТВ, ГРТ – расейскае тэлебачаньне, не беларускае, і там выразна відаць і мае намаганьні спыніць бойку, якую завязала міліцыя з дэманстрантамі",

– паведаміў Мікола Статкевіч.

Дэпутат Валеры Шчукін дадаў: "Відаць, сапраўды, супрацоўнікі міліцыі адчынілі сваю лябараторыю вытворчасьці відэакліпаў і вучацца зарабляць на гэтым. Можа, хутка ўбачым іх у якой-небудзь рэкляме? У судовым паседжаньні высьветлілася, што вайскоўцы дзейнічалі ў адпаведнасьці з баявым загадам. Гэты загад дазволіў ім парушаць правы чалавека. У сапраўднасьці, у той дзень у Менску было афіцыйна не аб'яўленае ваеннае становішча. І "Марш Свабоды-2" і "Чарнобыльскі Шлях" прадэманстравалі, што няма аніякае неабходнасьці выкарыстоўваць армію".

– гэта была думка дэпутата Валерыя Шчукіна.

Працяг судовага паседжаньня ў крымінальнай справе Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна – заўтра ў гарадзкім судзе Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG