Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 траўня 2000 г.


Камітэт абароны журналістаў абвесьціў сьпіс дзесяці найгоршых ворагаў прэсы. Лідэрамі ў сьпісе – прэзыдэнт Сь'ера-Ліонэ Фодэй Сэнкоў, вышэйшы лідэр Ірану Аятола Хамэнэі, югаслаўскі лідэр Слабадан Мілошавіч...

Гэтыя палітыкі, паводле Камітэту абароны журналістаў, нясуць пэрсанальную адказнасьць за свае дзеяньні супраць журналістаў і за тыя ўмовы, якія яны ў сваіх краінах стварылі для незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

"Ворагі прэсы ўжываюць розныя мэтады – ад адкрытых катаваньняў і зьнішчэньняў да больш вытанчаных сродкаў дзеля таго, каб хаваць няўгодную праўду", – заявіла выканаўчы дырэктар Камітэту абароны журналістаў Эн Купэр.

У сьпісе дзесяці найгоршых ворагаў прэсы фігуруе прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Ён яшчэ ў 1991 годзе паабяцаў свабоду прэсы, а пад час прэзыдэнцкай кампаніі 1999 году ўладныя структуры Казахстану ўзбуджалі крымінальныя справы супраць незалежных газэтаў.

Прэзыдэнт Кубы Фідэль Кастра шосты раз занесены ў сьпіс ворагаў прэсы. Камітэт абароны журналістаў адзначае, што ўрад Кастра працягвае атакаваць незалежную журналістыку. Журналістаў арыштоўваюць і дапытваюць. На Кубе праслухоўваюцца і перарываюцца тэлефонныя размовы супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Абмежаваная свабода іх перамяшчэньня.

Трэці раз у сьпісе – лідэр Тунісу Бэн Алі. Цягам 12-гадовага аўтарытарнага праўленьня Бэн Алі паставіў туніскую прэсу на калені. У краіне закрываюцца газэты, судзяць журналістаў, выкарыстоўваецца эканамічны ціск. Тыя некалькі журналістаў, якія зрабілі выклік аўтарытарызму, – страцілі працу.

Ворагам прэсы ў чацьверты раз названы прэзыдэнт Кітаю Цьзянь Цзэмінь. Ад пачатку году 18 журналістаў былі пасаджаныя ў турму. Шасьцёра зь іх былі асуджаныя за карыстаньне Інтэрнэтам.

У сьпісе Дзесяці найгоршых ворагаў прэсы – прэзыдэнт Малайзіі Махацір Махамэд, прэзыдэнт Пэру Альбэрта Фуджыморы і кіраўнік Анголы Эдуарда дэ Сантэс.

Вольга Караткевіч

XS
SM
MD
LG