Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 траўня 2000 г.


Юры Дракахруст

Сеньняшнюю сустрэчу лідэраў Беларусі, Украіны і Расеі мы папрасілі пракамэнтаваць украінскіх і расейскіх палітолягаў. Першае нашае пытаньне – ў Кіеў, дырэктару інстытута палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Міхаілу Пагрэбінскаму.

(Дракахруст: ) "Якімі матывамі кіраваўся Кучма, калі згаджаўся на гэтую сустрэчу?"

(Пагрэбінскі: ) "На мой погляд, для Кучмы ёсьць некалькі прычынаў, на падставе якіх ён вырашыў ўзяць ўдзел ў гэтай сустрэчы. Першае, гэта тое, што новаабраны прэзыдэнт Пуцін і курс, якім пойдзе Расея – зразумець гэта для Ўкраіны вельмі важна. У гэтай сувязі Кучму вельмі важна пазнаёміцца з новым кіраўніком Расеі. Другі момант – асабістыя абставіны Кучмы: як вядома там загінуў ягоны бацька. Па-трэцяе, ёсьць праблемы паміж дзьвюма краінамі, ад вырашэньня якіх залежыць – палепшыцца ці пагоршыцца стан справаў на Ўкраіне. Гэтых прычынаў дастаткова, каб пагадзіцца на такую сустрэчу".

(Дракахруст: ) "Ці ня лічыце Вы, што Расея вырашыла скарыстаць пэўнае пахаладаньне адносінаў паміж Украінай і Захадам, каб далучыць яе да беларуска-расейскага саюзу?"

(Пагрэбінскі: ) "Праблемы ў стасунках із Захадам, ў першую чаргу з Эўропай, можа быць выкарастаная Расеяй ў яе зьнешняй палітыцы. Запрашэньне можа разглядацца і ў гэтым кантэксьце. Але я цалкам выключаю, што Пуцін і яго дарадцы глядзяць на сытуацыю на Ўкраіне настолькі нерэальна, што лічаць магчымым далучэньне Ўкраіны да беларуска-расейскага саюзу. Добра вядома, што ўкраінская ўладная эліта, а вырашаць будзе менавіта яна, ня пойдзе на абмежаваньне сувэрэнітэту Ўкраіны. Так што ўсур'ёз гаварыць пра гэта ня варта".

(Дракахруст: ) "Як Вы ставіцеся да таго, што ў гэтых ўрачыстасьцях бярэ ўдзел патрыярх Алексі ІІ? Ва Ўкраіне, наколькі я ведаю, складаныя межканфэсійныя адносіны. Ці ня створыць гэта для прэзыдэнта Кучмы пэўныя праблемы?"

(Пагрэбінскі: ) "Ня думаю, што праблемы будуць сур'ёзныя, але працэдурныя пытаньні былі вырашаныя кіраўніцтвам Расеі, і што да іх быў далучаны патрыярх расейскі – гэта сьведчаньне таго, што расейская эліта дагэтуль не зважае на праблемы Ўкраіны. І гэта на Ўкраіне, безумоўна, будзе ўспрынята як некарэктансьць. У нас складаная межканфэсійная сытуацыя, і кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату Украінскай праваслаўнай царквы, хаця і ёсьць найбольш ўплывовая царква на Ўкраіне, але не прадстаўляе ўсіх вернікаў, нават праваслаўных".

Гэта было меркаваньне дырэктара Кіеўскага інстытута палітычных дасьледаваньняў і канфлікталегіі Міхаіла Пагрэбінскага.
Іншы пункт погляду на сутрэчу трох лідэраў – ў нашага расейскага суразмоўцы, намесьніка дэрэктара міжнароднага інстытута гуманітарна-палітычных дасьледаваньняў Аляксея Кузьміна.

(Дракахруст: ) "Сёньня адбылася сустрэча кіраўнікоў трох краінаў. Чаму, на Ваш погляд, яны пайшлі на гэтую сустрэчу, і якія наступствы яна можа мець?"

(Кузьмін: ) "Яны пайшлі на гэтую сустрэчу па адной прычыне. Зараз – практычна апошні шанец з пункту гледжаньня разьвіцьця эканомік трох краінаў і разьвіцьця ўсясьветнай эканомікі, калі рэальная інтэграцыя можа мець хоць нейкі сэнс. Тое, што кожная асобная эканоміка гэтай краіны выглядае ўблюдачна, ў мяне сумненьняў не выклікае. Тое, што ўсе трое ня мелі ніякага дачыненьня да заключэньня Белавескай дамовы, робіць іх цалкам вольнымі ў прыняцьці рашэньняў. Гэтая сустрэча была прадказальнай ў сьвятле таго тону, ў якім Пуцін вёў нядаўнія перамовы з Лукашэнкам і Кучмам. Хлопцам растлумачылі: халявы больш ня будзе. А без халявы і беларуская, і ўкраінская эканомікі разбураюцца цалкам. І я няўпэўнены, што ўсясьветная супольнасьць гатовая прыняць на датацыйнае ўтрыманьне нават Украіну, не гаворачы ўжо пра Беларусь".

(Дракахруст: ) "Але інтэграцыя ня зводзіцца да эканомікі, гэта яшчэ і пэўнае пагадненьне элітаў. Падаецца, што ўкраінская эліта наўрад ці пагодзіцца на гэта".

(Кузьмін: ) "Эканамічная інтэграцыя не абавязкова прадугледжвае поўнае палітычнае паглынаньне. Тут базавая памылка і прыхільнікаў незалежнасьці і прыхільнікаў інтэграцыі. Палітычная інтэграцыя тут – справа трэцясьцяпенная. Хаця падаецца, што зараз ўсе тры рэжымы робяцца настолькі падобнымі, што чаму б ім і не аб'яднацца. На пальцах можна было б кінуць, хто будзе галоўным начальнікам, але тут і кідаць ня трэба – галоўны начальнік той, ў каго грошы. Пры Ельціне было шмат размоваў пра інтэграцыю, ў першаю чаргу, палітычную і ваенна-палітычную, зараз будзе нешта адваротнае. Будуць разумныя крокі па інтэграцыі эканомік".

Гаварыў намесьнік дырэктара расейскага Міжнароднага інстытута гуманітарна-палітычных дасьледаваньняў Аляксей Кузьмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG