Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 траўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Расейскія ўлады абвесьцілі пра значнае падвышэньне коштаў на газ для расейскіх спажыўцоў. Прадстаўнікі беларускага ўраду лічаць, што гэтыя захады на Беларусі не адаб'юцца.

Расейцы падвысілі кошты на газ вельмі значна. Для электрастанцыяў ён будзе каштаваць на 40 адсоткаў даражэй, для прадпрыемстваў – на 20 і для астатніх спажыўцоў – на 15 адсоткаў. Паводле меркаваньня экспэртаў, падвышэньне коштаў зьвязана, у прыватнасьці, з тым, што ў Расеі была парушаная прапорцыя коштаў на розныя энэрганосьбіты.

Прадстаўнікі беларускага ўраду лічаць, што падвышэньне расейскіх коштаў на Беларусі, хутчэй за ўсё, не адаб'ецца. Беларускі ўрад і міністэрства эканомікі пакуль не атрымалі аніякай афіцыйнай інфармацыі ў сувязі з павышэньнем коштаў на расейскі газ. Прадстаўнік ураду сказаў мне, што йснуюць кантракты, дзе вызначаныя кошты на ўвесь год. Гэта значыць, што падвышэньне было б парушэньнем кантракту. Цэны для беларускіх спажыўцоў не прывязаныя да цэнаў для расейцаў. Розьніца заўсёды была значная. Расейскія прадпрыемствы атрымлівалі газ прыблізна ў 5-6 разоў таньней, чым беларускія.

Існуе іншая праблема. У Беларусі сёньня даволі значная запазычанасьць за расейскі газ – яна складае больш за 200 мільёнаў даляраў. Да таго ж, не хапае грошай на аплату бягучых паставак.

Ва ўрадзе не захацелі паведаміць, колькі адсоткаў ад паставак складае бягучая аплата. Прадстаўнік ураду сказаў толькі, што вельмі мала. У той жа час "Газпром" папярэдзіў, што пастаўкі могуць значна скараціцца. Ня выключана, што газу ў Беларусь будзе пастаўляцца столькі, колькі Беларусь будзе аплочваць. Калі Расея прыме такое рашэньне, у беларускага ўраду паўстануць вялікія праблемы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG