Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 траўня 2000 г.


Алена Ціхановіч

Сёньня ў Сэнаце Чэскай Рэспублікі далі прэсавую канфэрэнцыю сэнатары Міхал Жантоўскі і Ян Румл, якія вярнуліся з Беларусі. У Менску яны знаходзіліся ў дні падрыхтоўкі і правядзеньня Чарнобыльскага шляху. З чэскага Сэнату паведамляе Алена Ціхановіч.

Паколькі ў Празе ўжо сапраўднае лета, Міхал Жантоўскі і Ян Румл правялі з журналістамі сустэчу па-таварыску, без гальштукаў. Першае, пра што іх спыталі прадстаўнікі чэскай прэсы – ці мелі яны свабоду руху і сустрэчаў у Беларусі. Так, пажартаваў спадар Жантоўскі, вопытны дыплямат і колішні амбасадар Чэхіі ў ЗША, дарогу нам перад усімі пастамі і міліцыянтамі адчынялі два чароўных выразы – "официальная делегация" і "командировка". Ну і вядома, чырвоныя дыпляматычныя пашпарты. Ян Румл, які раней працаваў міністрам унутраных справаў Чэхіі, прадэклямаваў і крыху недыпляматычнага стылю лёзунг, які ён прывёз з Чарнобыльскага шляху: "Беларусь у Эўропу…"

Нагадаю, што чэскія сэнатары выправіліся на Чарнобыльскі Шлях, ведаючы, што ён недазволены ўладамі. Вось як патлумачыў Міхал Жантоўскі, чаму гэта не адмяніла іхнага рашэньня ехаць у Менск:

(Жантоўскі: ) "Як мы ведаем з часоў нашага жыцьця да аксамітнай рэвалюцыі 89-га году, прысутнасьць міжнародных назіральнікаў ёсьць вельмі дзейсным сродкам аховы дэманстрантаў супраць брутальнасьці і дае адчуваньне таму рэжыму, што ўсё адбываецца перад міжнарожднымі вачыма, і што пра гэта хто-небудзь даведаецца", -

сказаў Міхал Жантоўскі.

А яго калега Ян Румл падкрэсьліў, што іх візіт насіў дыпляматычны характар, бо ў падобных выпадках міжнародная прысутнасьць заўсёды павінна быць не таемнай, а наадварот шырока абвешчанай.

Сэнатары мелі сутрэчы ня толькі з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў і праваабарончых грамадзкіх арганізацыяў, але і афіцыйнымі ўладамі. Так, сустрэчы з міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым ці старшынём Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай нагадвалі хутчэй вострыя дыскусіі. Чэскія сэнатары ў дэталях знаёмыя з новым беларускім заканадаўствам аб выбарах. Гэтыя дыскусіі на месцы праводзіліся як маніторынг, неабходны для будучага рашэньня адносна прызнаньня ці непрызнаньня выбараў.

Сэнатары адзначылі, што ў немалой ступені на рашэньне эўрапейскіх краінаў акажа ўплыў тактыка беларускай апазіцыі.

Што да кіраўніка краіны, то чэская дэлегацыя зь ім сустрэчу не плянавала. Але, як адзначылі сэнатары, яны атрымалі моцны інфармацыйны пасыл з яго боку, праз перадачы беларускага тэлебачаньня: такога падрабязнага апісаньня, як пражыў дзень адзін галоўны чалавек, яны, як кажуць, не маглі і ўявіць.

Дзе, на думку чэскіх палітыкаў, прычына папулярнасьці Лукашэнкі? Гаворыць Міхал Жантоўскі:

(Жантоўскі: ) "Гэта праўда, што Лукашэнка мае сярод часткі беларускага насельніцтва вялікую папулярнасьць. Афіцыйна падаецца, што гэтая папулярнасьць складае 40-50 %, і гэта папулярнасьць значная. Але, тым ня менш, гэта не ўсеагульная папулярнасьць. Спадар Лукашэнка – вельмі спрытны, таленавіты прамоўца, добры дэмагог. Гэта тып палітыка, які мае ўплыў на натоўп. З такімі палітыкамі мы сустракаліся і на нашых землях і шыротах, але нашае дасьведчаньне зь імі не найлепшае".

Вось што дадаў Ян Румл:

(Румл: ) "Гэтай краіне быццам наканаваныя вялікія пакуты, і гэта на працягу ўсёй беларускай гісторыі. Людзі спрабуюць выжыць, таму кожны кіраўнік, які ўжывае таталітарныя мэханізмы і мае за сабой вялікую паліцэйскую сілу, трымае гэты народ у страху, і праз гэта ён успрымаецца як выдатная асоба. У гэтым адбіваюцца, вядома, і ўсходні уплыў на Беларусь, яе месцазнаходжаньне. Але тая дэманстрацыя, на якой мы прысутнічалі, была вельмі падобная да тых, што мы мелі ў нас. Гэта была эўрапейская дэманстрацыя, і яна мела эўрапейскія параметры".

Нагадаю, што візіт чэскіх сэнатараў на Беларусь стаў працягам адпаведных сэнацкіх слуханьняў. Спсп. Жантоўскі і Румл адзначылі, што іх асабістыя ўражаньні пацьвердзілі: Беларусь далёкая ад дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека, пры існуючым стане свабоды слова і выбарчым законе ў Беларусі немагчымыя свабодныя і справядлівыя выбары. Сэнат Чэскай Рэспублікі павінен улічыць вынікі паездкі ў сваёй заключнай рэзалюцыі па Беларусі. Афіцыйная Прага разумее, што ня можа гаварыць зь Менскам з пазыцыі супердзяржавы. Але мае намер будаваць сваю зьнешнюю палітыку так, каб ясна даць зразумець, зь якімі суседзямі чэскі народ хоча жыць у Эўропе.

XS
SM
MD
LG