Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 траўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Беларуская тэлевізія паведаміла, што знойдзеныя новыя патэнцыйныя інвэстары для стварэньня другога нацыянальнага тэлеканалу, зь якімі правёў перамовы асабіста Лукашэнка. Гэтымі інвэстарамі могуць стаць расейскія кампаніі "Итера" й "Славнефть", а таксама расейская рэгіянальная тэлесетка "Прометей АСТ".

Шукаючы інвэстараў, беларускія ўлады вымушаныя зьмірыцца з тым, што БТ-2 ня будзе дзяржаўным каналам (ці, прынамсі, не цалкам дзяржаўным). Тым ня менш, Лукашэнка заявіў, што мае намер трымаць пад сваім кантролем ідэялягічны зьмест новага каналу й рабіць на ім ключавыя кадравыя прызначэньні.

Гэтае жаданьне Аляксандра Лукашэнкі можа не спадабацца патэнцыйным інвэстарам. Таму існуе вялікая верагоднасьць, што перамовы, якія распачаліся, могуць зацягнуцца, і з часам можа атрымацца так, што, як цяпер Лукашэнка ня можа цалкам кантраляваць сытуацыю вакол нафтаперапрацоўчага заводу ў Мазыры, што ўваходзіць у кампанію "Славнефть", гэтак перастане быць яму падуладным і новы тэлевізійны канал.

Відавочна, што найбольш рэальныя інвэстары – расейскія, якія зацікаўленыя ўключыць Беларусь у сваю інфармацыйна-камунікацыйную прастору. Як мяркуе незалежны экспэрт у справе тэлевізіі, былы кіраўнік студыі "Палітыка" на БТ, а цяпер карэспандэнт агэнцыі "Associated Press Television News" Леанід Міндлін, для пачатку працы новага тэлеканала патрэбна каля 10 млн. даляраў і паўгады тэрміну на падрыхтоўку.

Аднак Міндлін ня лічыць, што перамовы зь інвэстарамі будуць хуткімі, бо вядзецца гандаль за больш выгодныя ўмовы. Тое, што адным з партнэраў БТ-2 прапануецца стаць расейскай рэгіянальнай тэлесетцы "Прометей АСТ", на думку Міндліна, сьведчыць пра верагоднасьць паглынаньня беларускай інфармацыйнае прасторы расейскімі кампаніямі. Але ў цэлым неабходнасьць стварэньня другога нацыянальнага каналу насьпела даўно, і які будзе вынік гэтае працы, цяпер прадказаць яшчэ цяжка.

Гаворыць Леанід Міндлін:

(Міндлін: ) "Усе краіны-нашыя суседзі – Балтыя, Украіна, маюць некалькі нацыянальных каналаў. Толькі мы – адзіная краіна ў Эўропе, якая мае адзін тэлевізійны канал. Гэта пытаньне яшчэ і грошай, бо разьвітыя тэлекамунікацыі – гэта прыкмета эканамічнага разьвіцьця, дарэчы. Тэлекамунікацыйны патэнцыял Беларусі – гэта 500-600 мільёнаў даляраў у год. Гэта разьвіцьцё тэлебачаньня, гэта разьвіцьцё тэлекамунікацыяў, гэта разьвіцьцё тэлевытворчасьці. Наколькі я ведаю, у тых, хто гэты праект прапаноўвае, існуе ня толькі ідэалягічны падыход. Сёньня ў нас павінен быць другі канал. У нас увогуле ўнікальная сытуацыя, бо ў нас – чатыры расейскіх і адзін толькі – нацыянальны. Другі канал – гэта чорная скрыня: мы ведаем, што на ўваходзе, і ня ведаем, што на выхадзе адбудзецца",

– гэта быў вядомы тэлежурналіст Леанід Міндлін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG