Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 траўня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Першатравеньскія маёўкі ладзіліся прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў і рухаў, а таксама – вольных прафэсійных саюзаў і ў асобных рэгіёнах Менскае вобласьці.

Сёньня ўраніцу некалькі дзясяткаў чалавек зь ліку сяброў жодзінскіх філіяў Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ і Свабоднага прафэсійнага саюзу Беларускага сабраліся на вялікай паляне ў лесе за горадам.

Між дзьвюх сосен прыладзілі бел-чырвона-белы сьцяг. Затым хвілінаю маўчаньня ўшанавалі памяць тых нацыянальных адраджэнцаў, якія памерлі або загінулі пад час барацьбы за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі. Пасьля гэтага распачалася нязмушаная размова пра нялёгкае сацыяльнае становішча жодзінцаў.

Першай гаварыла намесьніца старшыні філіі Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ, супрацоўніца Наукова-дасьледнага інстытуту земляробства й кармоў Іраіда Міско:

"Сёлета ўпершыню ў горадзе афіцыйныя ўлады не сьвяткуюць 1 мая. Па-першае, таму, што сёньня людзі ўсе паехалі-пайшлі на свае агароды. Зарганізаваць першамайскае сьвяткаваньне, улады зразумелі, проста ня змогуць. Ну ня хочуць лішні раз улады атрымоўваць непрыемнасьці, аплявуху публічную. Таму што людзі зараз ня маюць такога страху: сацыяльнае становішча вельмі цяжкое. Трошкі лепш у рабочых БелАЗу.

Але ж у горадзе 9 школаў, два НДІ – жывёлагадоўлі й земляробства… Гэта ніжэй усялякае сацыяльнае мяжы. Аграном у НДІ – у яго заробак 12 мільёнаў. Навогул, гэта немагчыма… Якая навука можа быць, калі людзі думаюць, як зьвесьці канцы з канцамі", – зрабіла выснову Іраіда Міско, кандыдат сельскагаспадарчых навук, актывістка КХП-БНФ.

На маёўцы распавядалася, як напярэдадні Вялікадня ў сям'ю жодзінца, сябры Свабоднага прафэсійнага саюзу Анатоля Рабкаўца наведаліся судовыя выканаўцы й папярэдзілі, што апішуць ягоную хатнюю маёмасьць, калі ён ня выплаціць штраф – 20 мінімалак – паводле выраку Савецкага раённага суду сталіцы. За ўдзел у Дні Волі 25 сакавіка ў Менску. А ў гэтага ж чалавека – трое дзяцей. Такія самыя захады будуць прынятыя і да аднадумца Анатоля Рабкаўца – Зьміцера Гуніча.

Гаворыць Зьміцер Гуніч:

"Мы падалі скаргу ў гарадзкі суд і чакаем. На працягу месяца павінна вырашыцца гэтае пытаньне. Але мы на гэтым не спыняемся. І я з усёй адказнасьцю заяўляю, што будуць прынятыя ўсе захады, аж да галадоўкі, калі гарадзкі суд адмовіць".

Удзельнікі маёўкі падтрымалі Анатоля Рабкаўца й Зьміцера Гуніча і прынялі рашэньне: у выпадку канфіскацыі іхнае маёмасьці правесьці адмысловую акцыю пратэсту.

На маёўцы сьпявалі беларускія песьні, чыталі вершы.

Сёньня ж падобную загараднюю маёўку правялі й сябры філіі БСДП "Народная Грамада" з Маладэчна. Удзел у акцыі ўзялі таксама мясцовыя "народнафронтаўцы" і актывісты ТБМ.

XS
SM
MD
LG