Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 29 Красавіка)
Працяглымі ўсяночнымі набажэнствамі пачынаюць адзначаць сёньня сваё галоўнае сьвята – Сьветлае Ўваскрашэньне Хрыстовае – сьвятары й вернікі самае буйное ў Беларусі Праваслаўнае Царквы.

Сёлетні Вялікдзень у Праваслаўнай Царкве, як, зрэшты, і ў іншых канфэсіях, праходзіць пад знакам юбілею 2000-годзьдзя Хрысьціянства. Пра гэты юбілей гаворыцца і ў адмысловым Вялікодным пасланьні кіраўніка Праваслаўнае Царквы ў Беларусі мітрапаліта Філарэта, і, відаць, ня раз будзе сказана ў сьвяточных казаньнях сьвятароў. Сьвяточны настрой пануе сёньня ўжо з самага ранку ва ўсіх 1030 праваслаўных прыходах краіны. На працягу ўсяго дня там ідзе асьвячэньне вялікодных страваў.

А галоўныя сьвяточныя набажэнствы ў цэнтральным храме Беларусі – менскім Сьвята-Духавым Катэдральным саборы, а таксама ў цэнтрах васьмі іншых праваслаўных эпархіяў краіны, пачынаюцца сёньня а 23-й гадзіне ўвечары. Вялікодную вячэрню й літургію з традыцыйным Хросным ходам, якая скончыцца толькі а 4-й гадзіне раніцы, адслужыць мітрапаліт Філарэт.

Апоўначы трансьляваць набажэнства са сталічнага Катэдральнага сабору пачне беларуская тэлевізія. Ранішнія нядзельныя набажэнствы ў менскім Катэдральным саборы пачнуцца а 7-й і 10-й гадзінах раніцы.

А ў 16 гадзінаў, у нядзелю, кіраўнік Праваслаўнае Царквы адслужыць там сьвяточную вячэрню, прысутнічаць на якой будзе і Аляксандар Лукашэнка са сваёй адміністрацыяй і сябрамі ўраду.

У іншых прыходах Менску расклад сьвяточных набажэнстваў наступны: у царкве Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках усяночное богаслужэньне пачнецца а 22-й гадзіне ўвечары; у вялікодную нядзелю набажэнствы там адбудуцца а 7-й і 15-й гадзінах.

А 23-й гадзіне сёньня пачынаюцца ўсяночныя ў саборы сьв. Пятра й Паўла на Нямізе, у Сьвята-Пакроўскай царкве мікрараёну Дразды-Вясьнянка й Спаса-Прэабражэнскім прыходзе на Паўднёвым Захадзе. Нядзельныя службы там пачынаюцца ад 7-й гадзіны раніцы.

А на трэці дзень Вялікадня, 2 траўня, у Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе пройдзе набажэнства й культурная вечарына з нагоды 10-годзьдзя ўтварэньня беларускага праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх Пакутнікаў.

А ў менскіх прыходах сьв. Марыі Магдалены на Старажоўцы, Божай Маці "Ўсіх тужлівых" па вуліцы Прытыцкага, сьв. Георгія ў Чыжоўцы й абраза Ўладзімірскае Багародзіцы ў раёне аўтазаводу ўсяночныя набажэнствы пачынаюцца а палове на 12-ю ўначы. Ранішнія нядзельныя літургіі пачынаюцца ў гэтых прыходах таксама а 7-й гадзіне.

Вялікодныя яйкі ды іншыя сьвяточныя стравы можна асьвяціць у сталічных храмах у любы час сёньня і ўраніцу заўтра. У некаторых прыходах акрамя набажэнстваў пройдуць сьвяточныя канцэрты хароў і навучэнцаў нядзельных школак.

XS
SM
MD
LG