Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


ВЕЛІКОДНЫ ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ

Навіна, што Хрыстос сапраўды ўваскрос, напаўняе сэрцы вернікаў сілай і бадзёрасьцяй. І гэта добрая навіна перамогі дабра над злом і сьмерцю. Шчасьлівы той, хто пакорыцца, хто ў думках спадарожнічаў Хрысту ў ягоных пакутах на крыжы і на пахаваньні. Бо тады глыбей і паўней успрымаецца Хрыстовае Ўваскрашэньне, якое надыйшло.

Пасха Хрыстова ўмацоўвае нашае разуменьне еднасьці паміж Царквой Хрыстовай, еднасьці ў Хрысьце ўваскрослым. Разам з прыродай, якая пасьля зімовага сну прабуджаецца да новага жыцьця, адраджаецца і чалавек, перажываючы сваю духовую вясну.

Першая вясеньняя зелень прыносіць адбітак праўды пра адвечнае аднаўленьне жыцьця і выходзіць насупраць старадаўнім журбам чалавека.

У гэты сьвяточны час паказваецца і нам новы прыклад згоды й разуменьня. Вялікі скарб божае любові, які вылечвае ўсякую чалавечую недасканаласьць. Крыніца несьмяротнасьці, якая напаўняе нашыя душы цудоўнымі дарамі, якія дапамогуць нам узрастьці духова ў нашых беларускіх сем"ях, цэрквах, нашым краі.

Уваскрасеньнем мяняецца ўсё чалавецтва. Але трэба ведаць і памятаць, што гэта вымагае добрае волі кожнага з нас на сапраўдную зьмену ў нашай натуры.

Дык адчысьцімся ад сваіх правінаў, каб мы маглі з чыстым сумленьнем вітаць нашага Ратаўніка, які працярпеў крыжовую сьмерць, уваскрос на трэці дзень дзеля нашага жыцьця.

Краіна нашая, Беларусь, і мы самі няхай уваскрэсьнем Ягоным уваскрасеньнем. Няхай Бог дапаможа духоўна ўваскрэснуць нашаму беларускаму народу і ўскрасіць у ім пачуцьцё сваёй годнасьці.

О, Божа наш, наш народ у далёкім мінулым так па-геройску бараніў сваё ймя і тваю навуку. Дзе вы? Тваё магутнае беларускае дрэва? Ці вырасьцеш ты? На гэтай беларускай зямлі, пранікнутай сьлязамі й крывёю. Хто дасьць на гэта адказ?

Не чакай адказу ад нікога. Але вер у гэта. Моцная нязломная вера – мацней за сілу аружжа, яна пераможа непераможнае. Яна асягне недасягальнае. Дык верыць трэба ў нашую праўду, у нашую будучыню, у самых сябе, у ласку Ўсемагутнага, бо яна ёсьць бязьмежнай. Верыць у беларускі народ і ягонае вызначэньне. Верыць у васкрошаньне слаўнае мінуўшчыны. Моцна верыць у Васкрашэньне нашай любай сьвятой Беларусі!

Першагерарх Беларускай Аўтакефальнай
Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт
Мікалай Мацукевіч

Таронта, 28.04.2000

XS
SM
MD
LG