Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Амбасада Чэхіі ў Менску афіцыйна паведаміла Міністэрству замежных справаў Беларусі, што зь сёньняшняга дня пагадненьне аб бязьвізавым рэжыме паміж дзьвюма краінамі лічыцца дэнансаваным. Візавы рэжым для беларускіх грамадзянаў на чэскай мяжы ў поўнай меры будзе ўведзены з 29 траўня.

Пра гэтае рашэньне паведаміў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі часовы павераны Чэскай Рэспулікі ў Беларусі Алеш Войцік.

Паводле ягоных словаў, дамова аб бязьвізавым рэжыме, акрамя Беларусі, дэнансаваная таксама ў вадносінах да Ўкраіны й Расеі. Вось як патлумачыў спадар Войцік прычыны, якія падштурхнулі ўрад ягонае краіны ўвесьці візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, Украіны й Расеі:

"Потым (праўда, гэта менш тычыцца Беларусі) – пытаньне росту злачыннасьці сярод расейскамоўных жыхароў Чэхіі. І трэцяе важнае пытаньне – рост безпрацоўя ў Чэскай Рэспубліцы, якое ўжо дасягае 10 адсоткаў", – паведаміў часовы павераны Чэхіі ў Беларусі.

Пры гэтым спадар Войцік дадаў, што, паводле прагнозу чэскіх спэцыялістаў з-за візавых абмежаваньняў безпрацоўе ў іхнай краіне можа скараціцца да 1 адсотку. Алеш Войцік лічыць, што ўвядзеньне візаў ня ёсьць нейкім непрыязным палітычным крокам ў вадносінах да Беларусі. Проста Чэхія такім чынам клапоціцца пра захаваньне сваіх нацыянальных інтарэсаў.

У поўнай меры візавы рэжым Чэхія ўводзіць з 29 траўня, а да гэтай даты грамадзянам Беларусі, што едуць у гэтую краіну тэрмінам да 30 дзён, віза не патрэбная. А вось пасьля 29 траўня трэба будзе запаўняць адмысловую анкету ў амбасадзе, паведаміць дыпляматам пра мэту паездкі й чакаць ня менш 8-10 дзён, пакуль віза будзе гатовая.

У некаторых выпадках амбасада мае права і адмовіць беларускім грамадзянам ва ўезьдзе ў Чэхію (напрыклад няслушна аформленыя дакумэнты, падазроны пашпарт і г.д.) Асобы, што едуць у Чэхію ў складзе турыстычнае групы, могуць самі не насіць дакумэнты ў амбасаду, а даверыць гэтую справу беларускай турыстычнай фірме, якая афіцыйна працуе на чэскім турыстычным рынку.

Стандартны кошт чэскае візы (у тым ліку й транзітнай) будзе складаць 21 даляр. Дзецям да 15 гадоў яна будзе выдавацца бясплатна. Візы будуць выдавацца толькі консульскім аддзелам чэскай амбасады ў Менску.

Адказваючы на пытаньне журналістаў, ці ня зьменшыцца цяпер плынь беларускіх турыстаў, напрыклад, на курорт Карлавы Вары, спадар Войцік заўважыў, што для людзей, якія едуць на такі адпачынак, 21 даляр за візу – сума ня надта вялікая.

Часовы павераны Чэхіі ў Беларусі паведаміў, што консульскі аддзел амбасады будзе прымаць дакумэнты ад грамадзянаў на атрыманьне візаў штодзённа. І спадар Войцік спадзяецца, што ягоныя супрацоўнікі дадуць рады ў гэтай працы.

Нагадаю, што падобныя захады ў вадносінах да Беларусі зь 1 студзеня ўжо ўвяла Баўгарыя. Віза гэтае краіны для беларусаў каштуе 53 даляры. А зь 1 ліпеня пагадненьне пра бязьвізавы рэжым зь Беларусьсю будзе дэнансаваны Румыніяй. Румынская віза будзе каштаваць 26 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG