Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Амэрыканская кампанія Ford Motor мае намер выйсьці са складу беларуска-амэрыканскага прадпрыемства Ford Union і ўжо ў траўні спыніць вытворчасьць на заводзе ў Апчаку пад Менскам. Паводле інфармацыі з крыніцаў у кіраўніцтве Ford Motor, кампанія шукае пакупнікоў на свой завод. Камэнтуе Юры Дракахруст.

Прадстаўнікі кампаніі адмаўляюцца афіцыйна камэнтаваць гэтую сэнсацыйную інфармацыю, але чуткі пра тое, што Форд будзе закрываць сваё прадпрыемства на Беларусі, распаўсюджваюцца ўжо даўно. І ня толькі чуткі: на заводзе ў Апчаку, які разьлічаны на выпуск 4000 машынаў ў год, ў 1997-98 гадох было сабрана толькі 3000 аўтамабіляў, а летась – толькі 440 машынаў.

Месяц таму ў інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт беларускага дасьледчага центру "Стратэгія" Леанід Заіка прагназаваў, што Форд сыйдзе зь Беларусі ў красавіку-траўні гэтага году. Эканаміст назваў стан справаў на заводзе "разьвітаньнем, якое зацягнулася".

Нагадаем, што яшчэ напачатку 1997 года ўлады ЗША, абвесьціўшы новую стратэгію для Беларусі, настойліва адгаворвалі амэрыканскія кампаніі ад укладаньня грошай ў беларускую эканоміку. Але ўсясьветна вядомы аўтагігант Форд Мотар вырашыў рызыкнуць: надта прывабнай здавалася магчымасьць выхаду праз Беларусь на неабсяжны расейскі рынак, былі спадзяваньні і на славутую беларускую палітычную стабільнасьць, гэта значыць, на магчымасьць вырашаць ўсе пытаньні з адной асобаю.

Памятаю, як напачатку сумеснага з Фордам праекту яго беларускія ўдзельнікі запэўнівалі журналістаў: "Форд ніколі не памыляецца, калі ён прыняў рашэньне прыйсьці на Беларусь – значыць, тут можна рабіць справу". Але памыляюцца ўсе, нават Форд.

Фінал эпапеі з фордаўскім прадпрыемствам на Беларусі вельмі паказальны: ён паказаў, чаго вартыя міты пра надта спрыяльныя ўмовы для заходніх інвэстыцыяў у аўтарытарнай Беларусі, а таксама пра магчымасьць для заходняга бізнэсу патрапляць праз Беларусь на рынак саюзнай Расеі. Няма, як высьветлілася, ані ўмоваў, ані магчымасьцяў.

Зразумела, адной з асноўных прычынаў скарачэньня вытворчасьці на заводзе Форда ў Беларусі стаў расейскі крызыс жніўня 1998 года, які зрабіў машыны, якія зьбіралі ў Апчаку, неканкурэнтаздольнымі ў Расеі. Але другой, ня менш важкай прычынай, стаў і ціск расейскага аўтамабільнага лёбі, якое дамаглося, каб фордаўскія машыны беларускае зборкі не падпадалі пад дзеяньне мытнага саюзу, гэта значыць, за іх ўвоз ў Расею трэба плаціць значнае мыта. І Лукашэнка ня здолеў супрацьстаяць гэтаму лябісцкаму ціску, ня здолеў адстаяць інтарэсы замежнага інвэстара, які ўклаў грошы ў беларускую эканоміку.

Сыход Форда з Беларусі – гэта ня толькі параза амэрыканскага інвэстара, гэта і палітычная параза Аляксандра Лукашэнкі. Мець дрэнныя адносіны із заходнімі ўрадамі, але добрыя – із заходнім бізнэсам, не атрымліваецца. Больш за тое, высьвятляецца, што для таго, каб нават прасоўваць інтарэсы сумесных беларуска-заходніх прадпрыемстваў ў Расеі, беларуская ўлада павінна быць больш незалежнай ад Масквы.

XS
SM
MD
LG