Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Стала вядома пра новыя кадравыя прызначэньні, якія зрабіў Аляксандар Лукашэнка. У прыватнасьці, памочнікамі Лукашэнкі сталі былы міністар прадпрымальніцтва Аляксандар Сазонаў і дэпутат гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Юры Кулакоўскі.

Аляксандар Сазонаў ведаў пра сваё новае прызначэньне напярэдадні афіцыйнае публікацыі кадравых указаў. Учора была скліканая калегія Міністэрства прадпрымальніцтва, на якую былі запрошаныя нават прадстаўнікі з рэгіёнаў. Аляксандар Сазонаў паведаміў, што атрымаў новую пасаду. Выконваць абавязкі міністра будзе былы першы намесьнік Сазонава Анатоль Скобеж.

Паводле словаў Сазонава, на пасадзе інспэктара па Менску ён мае намер, як і раней, займацца пытаньнямі прадпрымальніцтва й праблемамі эканамічнага разьвіцця сталіцы.

Сытуацыя з новым прызначэньнем у адміністрацыі Лукашэнкі выглядае даволі дзіўна. Куратарам Менску на працягу даўгога часу быў кіраўнік лукашэнкавай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч. Ён часта прысутнічаў на пасяджэньнях Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Пакуль няма адказу на пытаньне – ці захавае цяпер сваю грамадзкую нагрузку Мясьніковіч.

Усяго Лукашэнка адначасова прызначыў чатырох памочнікаў, якія будуць кантраляваць працу "вэртыкалі". Кадравыя перастаноўкі, якія робяцца ўсе больш частай зьяваю, – частка падрыхтоўкі беларускіх уладаў да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

Дарэчы, ва ўрадзе пацьвярджаюць інфармацыю пра тое, што на працягу году будзе праведзеная рэарганізацыя ўрадавых структураў. А дзейнасьць урадавых і мясцовых структураў будуць кантраляваць шматлікія інспэктары й кантралёры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG