Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Амаль праз шэсьць месяцаў пасьля правядзеньня ў Берасьці акцыяў "Сьвечка Незалежнасьці", якія былі скіраваныя супраць падпісаньня чарговай расейска-беларускай дамовы, суд Ленінскага раёну Берасьця быў змушаны зноў вяртацца да адміністрацыйнай справы Сержука Бахуна…

Нягледзячы на пярэчаньні вышэйшай судовай установы, якая прапанавала суду першай інстанцыі перагледзіць гэтую справу, сёньня Бахуну зноўку было вынесена папярэджаньне.

Нагадаю, што 8-га сьнежня мінулага году, калі ў Маскве была падпісаная дамова аб утварэньні саюзнай дзяржавы, дзесяткі берасьцейцаў выйшлі на праспэкт Машэрава і каля гадзіны трымалі сьвечкі. Такім чынам яны выказвалі свой пратэст супраць гэтага хаўрусу.

Пад час акцыі міліцыянты перапісвалі ймёны і хатнія адрэсы некаторых удзельнікаў акцыі "Сьвяча Незалежнасьці", але ніякіх заўвагаў наконт парушэньняў закону міліцыянты не зрабілі.

Праз 2 дні, 10-га сьнежня, участковы міліцыянт Аўдосенка разам з супрацоўнікамі АМАПу, узброеных аўтаматамі і гумавымі дубінкамі, прыехалі дадому да Сержука Бахуна і яшчэ да аднаго ўдзельніка акцыі Рыгора Варвашэвіча. Апошняга ў гэты час дома не было.

У Бахуна быў зроблены ператрус, яго пад вартай даставілі ў Ленінскі РАУС. Там на яго быў складзены пратакол, паводле якога Сяржук Бахун "у складзе групы публічна выказваў сваю нязгоду з падпісаньнем дамовы аб утварэньні саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі з выкарыстаньнем запаленай сьвечкі".

Паводле вэрсіі міліцыянтаў, гэтымі сваімі дзеяньнямі спадар Бахун парушыў вызначаны парадак арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў і іншых масавых мерапрыемстваў. На падставе арт. 67 ч.1 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях Бахун пры разглядзе справы ў судзе атрымаў папярэджаньне.

Але Бахун ня лічыць сябе вінаватым. І таму накіраваў скаргу на вынесены прысуд. Берасьцейскі абласны суд пакінуў гэтае рашэньне бязь зьменаў. Затое Калегія Вярхоўнага суду Беларусі прыслухалася да аргумэнтаў Бахуна і скі равала разгляд справы на новы разгляд у той жа суд Ленінскага раёну.

У прыватнасьці, вышэйшая судовая ўстанова краіны палічыла, што пад час сьнежаньскага працэсу судзьдзя Міранюк беспадстаўна адхіліў хадайніцтвы выклікаць перакладчыка з расейскай мовы на беларускую. І забараніў у часе суду карыстацца дыктафону.

Але сёньня судзьдзя Сяргей Кулак фактычна праігнараваў усе заўвагі Вярхоўнага суду. Ён адмовіўся весьці працэс па-беларуску і параіў Бахуну, калі той асабіста кепска ведае расейскую мову, прывесьці ў суд перакладчыка.

Выслухаўшы паказаньні самога Бахуна, ягонага грамадзкага абаронцы і сьведкі міліцыянта, судзьдзя прыняў пастанову пакінуць бязь зьменаў першапачатковы прысуд. Гэта азначае, што Сяржук Бахун, не зважаючы на пастанову Вярхоўнага суду, зноў атрымаў папярэджаньне і па-ранейшаму лічыцца правапарушальнікам.

XS
SM
MD
LG