Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

(эфір 26 красавіка)
Аналіз-абмеркаваньне вынікаў Чарнобыльскага Шляху, якое адбылося ў нашым эфіры адразу пасьля заканчэньня акцыі.

(Вядучая: ) "Такім чынам, адбыўся "Чарнобыльскі шлях 2000". Акцыя адбылася пасьпяховая – і паводле колькасьці ўдзельнікаў, і паводле колькасьці прысутных замежных назіральнікаў, і паводле моцнага ціску міжнароднай грамадзкасьці на беларускія ўлады ў справе жорсткага абыходжаньня з апазыцыяй. У абмеркаваньні вынікаў акцыі і палітычнай "Вясны 2000" у нашай праграме бяруць удзел – у Менску адзін зь лідараў БНФ Вячаслаў Сіўчык і тут, у праскай студыі, аглядальнік Юры Дракахруст. Першае пытаньне я ськіроўваю ў Менск. Зараз мы маем розныя падлікі колькасьці ўдзельнікаў акцыі. Спадар Сіўчык, удакладніце, якая рэальная колькасьць?

(Сіўчык: ) "Акцыя была вельмі масавай. Было больш за 30 тысячаў чалавек. Некаторыя назіральнікі давалі лічбу – 50 тысячаў. Гэта азначае, што акцыя сапраўды пасьпяховая. Нас не ўдалося запалохаць, мы здольныя былі правесьці масавую акцыю, нягледзячы на ўсе гістэрычныя паводзіны сёньняшніх уладаў…"

(Вядучая: ) "Неаднаразова выказвалася выснова, што гэтая вясна стала даволі маштабнай у параўнаньні зь мінулымі гадамі, і зараз я адрасую пытаньне да Юрыя Дракахруста. На Вашую думку, у чым была заслуга арганізатараў, магчыма, былі выкарыстаныя новыя тэхналёгіі ў арганізацыі маштабных палітычных акцыяў?"

(Дракахруст: ) "Я б пачаў, відаць, ад "Маршу Свабоды – 1".Арганізатары вялі вельмі прафэсыйную, вельмі дакладную падрыхтоўку гэтых акцыяў. Гэта было бачна на ўзроўні афармленьня. Раней былі нейкія сьляпыя абвесткі, то зараз была вельмі добрая паліграфія. З правядзеньня акцыяў відаць, наколькі прадумана, наколькі дакладна яны ажыцьцяўляюцца. Як арганізатары акцыяў вядуць людзей, як пазьбягаюць правакацыяў. Чаго не было раней".

(Вядучая: ) "Спадар Сіўчык, як бы Вы акрэсьлілі адрозьненьні гэтых акцыяў, улучна з "Чарнобыльскім шляхам 2000" ад мінулых гадоў?"

(Сіўчык: ) "Справа ў тым, што стаіць вельмі простая задача – вывесьці на вуліцы Менску нарэшце 100 тысячаў чалавек. Для гэтага трэба плянаваць шэраг акцыяў, бо гэтую задачу апазыцыі трэба будзе вырашаць. І ў 2000 годзе нам удалося правесьці сэрыю масавых акцыяў. Апошні раз гэта было ў 1997 годзе. Гэта выклікана тым, што ўдалося й назапасіць новыя тэхналёгіі, і аб"яднаць усю апазыцыю. Самае галоўнае, што аб"яднаньне апазыцыі адбылося на плятформе беларускай дзяржаўнасьці. Посьпех сёньняшняй "Вясны" – у кансалідацыі сілаў".

(Вядучая: ) "У мяне будзе такое пытаньне да суразмоўцаў. Аляксандар Лукашэнка заўсёды даводзіць свайму электарату, замежжу, калі гэта ўдаецца, што ў Беларусі не існуе палітычнай апазыцыі. Што ў Беларусі ёсьць, як дзяржаўныя СМІ гавораць, існуе "кучка адмарозкаў", якая ніколі не прыйдзе да ўлады, бо яны ня здатныя гэтую ўладу ўзяць і трымаць. Днямі Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлекампаніі "Мір" заявіў, што згаджаецца весьці перамовы з Уладзімірам Пуціным, Жакам Шыракам, Білам Клінтанам, але зь людзьмі, якія ў Беларусі называюць сябе палітычнай апазыцыяй Лукашэнка, паводле ягоных словаў, ня мае ніякай матывацыі весьці перамовы. Масавыя акцыі апазыцыі, падтрымка людзей, нягледзячы на запалохваньні – ці зробяць яны магчымасьці беларускай апазыцыі больш эфэктыўнымі? Калі ласка, Юры Дракахруст…"

(Дракахруст: ) "Я б таксама хацеў зьвярнуць увагу на рэпліку спадара Сіўчыка, што мэта была – вывесьці 100 тысячаў чалавек. І гэта мэта праз пэўны час будзе дасягнутая. Але, наколькі я зразумеў, сапраўдная мэта – гэта зьмена палітычнай сытуацыі ў краіне. Урэшце рэшт, 100 тысячаў чалавек – гэта 1 працэнт насельніцтва Беларусі. У гэтым сэнсе, на мой погляд, вынік "Вясны 2000" – ён такі дваісты. З аднаго боку, так, сапраўды, апазыцыя абвергла хлусьню афіцыйных уладаў, што яе не існуе, што яе не падтрымліваюць, што яе наагул няма. Яна ёсьць, і гэта паказалі акцыі беларускай апазыцыі. Але з іншага боку, гэтыя акцыі, на мой погляд, магчыма, я й памыляюся, яны не прывялі да кардынальных зьменаў у палітычнай сытуацыі ў краіне. Магчыма, яны падрыхтавалі зьмены. Магчыма, яны дадуць свой плён пры пэўных абставінах. Магчыма, ва ўмовах выбараў, як гэта было ў 90-х гадох, на што спаслаўся спадар Сіўчык, але зараз, мне падаецца, вынік – дваісты".

(Вядучая: ) "У працяг гэтай тэмы я даю слова Вячаславу Сіўчыку. Ці ёсьць у беларускай апазыцыі стратэгія? Дакладная стратэгія ў пытаньні зьмяненьня палітычнай сытуацыі, прыходу да ўлады на гэты год, бо тут і парляманцкія выбары…Ідэя дыялёгу сябе дыскрэдытавала, таму ён наўрацьці будзе адным са шляхоў апазыцыі ў рэальную палітыку. Калі ласка, ці ёсьць у беларускай апазыцыі плян на будучыню?"

(Сіўчык: ) "Ёсьць. Распрацаваныя пляны й на гэты год, і на наступны год. Мы ня зводзім усё да вуліцы, хаця ў сёньняшніх беларускіх умовах вуліца вельмі важная. Займацца чыстай палітыкай ва ўмовах акупацыі проста немагчыма. Будзе праведзены Кангрэс дэмакратычных сілаў улетку, для таго, каб усе асноўныя апазыцыйныя партыі прыйшлі да агульнага рашэньня на конт няўдзелу ў выбарах у "палатку прадстаўнікоў". Я думаю, што ў гэтым годзе нас чакае гарачая восень. Я хацеў бы яшчэ нагадаць, што і вясна яшчэ не закончылася. 14-га траўня адбудзецца наступная масавая акцыя апазыцыі. Я глыбока перакананы, што ўвосень будзе "Марш Свабоды – 3" і масавыя выступленьні ва ўсіх гарадах Беларусі ў дзень галасаваньня ў "палатку".

Вяла гутарку

XS
SM
MD
LG