Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Юры Дракахруст

(эфір 27 красавіка)
Цягам апошніх двух месяцаў у Беларусі адбыліся шматтысячныя акцыі, якія прыцягнулі ўвагу ня толькі беларускага грамадзтва, але й міжнароднай супольнасьці. Усе яны – "Марш Свабоды – 2", "Дзень Волі", "Чарнобыльскі шлях" былі ланцугамі адной палітычнай кампаніі апазыцыі "Гарачая Вясна 2000". Магчыма, Чарнобыльскі Шлях – не апошняя акцыя гэтай вясны. Але папярэднія вынікі можна паспрабаваць падвесьці ўжо зараз. Сёньня кампанію апазыцыі аналізуюць аглядальнікі нашага Радыё: з Прагі – Юры Дракахруст і зь Менску – Валеры Карбалевіч…

(Дракахруст: ) "Валеры, як Вы лічаце, якімі асаблівасьцямі вызначалася "Вясна 2000"? Якія чыньнікі прысутнічалі на ёй, якіх не было раней і, можа, зараз яны праявіліся больш выразна?"

(Карбалевіч: ) "Я думаю, што сапраўды палітычныя акцыі гэтай вясны мелі свае асаблівасьці. Яны заключаліся ў тым, што апазыцыя сыходзіла з прыцыпу "лепш менш ды лепш". Калі ў папярэднія гады апазыцыя праводзіла вельмі многа акцыяў, акцыяў пратэсту, дэманстрацыі, пікеты, мітынгі. Зьбіралася вельмі мала людзей. І можна сказаць, што гэтая кампанія была неяк распыленая. Зараз апазыцыя зрабіла акцэнт на некалькі, але добра падрыхтаваныя, добра "раскручаныя" акцыі. Можна лічыць, што гэтая новая тактыка працягвае тое, што пачалося зь леташняга "Маршу Свабоды –1". Па ўсім горадзе былі плякаты, улёткі. Апазыцыя пачала разумець, што такое PR (паблік рылэйшэнз). Далей. Можна сказаць, што апазыцыя цяпер больш кансалідаваная, чым раней, калі не лічыць асобыя паводзіны партыі Пазьняка".

(Дракахруст: ) "Я згодны з Вамі, Валер. Я б яшчэ дадаў два моманты. Першы. Усе гэтыя акцыі вызначаліся падкрэсьленай неагрэсыўнасьцю дэманстрантаў. Відаць, апазыцыя зрабіла высновы з падзеяў 17 кастрычніка. Зразумела, і тады гэтыя сутычкі былі вынікам правакацыі. Правакацыі з боку ўладаў. Але пад час веснавых акцыяў было зроблена ўсё, каб правакацыяў не дапусьціць. Паводле сацыялягічных дадзеных, беларусы даволі негатыўна ставяцца да гвалту. Ад каго б гэты гвалт не сыходзіў. Апазыцыя ўлічыла гэты момант. І яшчэ што варта адзначыць: гэта ў пэўнай ступені пазбаўленьне ад страху. Я нагада, што 25-га сакавіка было надзвычай жорсткае зьбіцьцё маніфэстантаў. У мінулыя гады, калі адбывалася такая жорсткая расправа, на наступных маніфэстацыях колькасьць людзей зьмяншалася. Страх стрымліваў частку людзей ад наведваньня наступнай акцыі. У дадзеным выпадку гэтага не адбылося. Менавіта "Чарнобыльскі шлях", які адбыўся пасьля бойкі 25-га сакавіка, стаў самай масавай маніфэстацыяй за апошнія гады. Апазыцыя ставіла перад сабой пэўныя мэты, калі распачынала гэтую кампанію. Ці дасягнутыя гэтыя мэты, Валер, на Ваш погляд?"

(Карбалевіч: ) "Тут адразу ўзьнікае натуральнае пытаньне, а якія гэта былі мэты? Таму што гэтыя мэты не былі агучаныя публічна. Мне здаецца, што апазыцыя нават для сябе не артыкулявала дакладна, чаго хоча яна дабіцца ў выніку гэтых акцыяў. Я думаю, што апазыцыя разумела, у якой сытуацыі яна знаходзіцца, яна не ставіла мэты дэмантаваць рэжым ці дэстабілізаваць яго. Ці прыйсьці да ўлады. Мне здаецца, задачай апазыцыі была задача-мінімум. Паказаць сваю моц і прымусіць улады пайсьці на перамовы. Што да задачы паказаць сваю моц, мне здаецца, гэтую задачу апазыцыя выканала. Я думаю, што апошні год паказаў, што апазыцыя пераадолела той крызыс, у які яна патрапіла пасьля 1996 году. Што апазыцыя перайшла ў наступ, у яе адкрылася другое дыханьне. Яна прымушае ўлады рэагаваць на свае дзеяньні ў адрозьненьне ад таго, што было раней, калі апазыцыя толькі рэагавала на дзеяньні ўладаў. Усё гэта ўзмацніла супрацьстаяньне ў грамадзтве. Апазыцыя паказала, што яна мае сілу, і ўлады былі напужаныя.

Сытуацыя пасьля 15-га сакавіка паказала, што ўлады напужаныя. 25-га сакавіка паказала, што апазыцыя атрымала перамогу ў інфармацыйнай вайне. І тое, што "Чарнобыльскі шлях" быў дазволены, мне падаецца вялікай перамогай апазыцыі. Мы памятаем, як Лукашэнка гаварыў, што трэба забараніць усялякія шэсьці ў Менску. Дазваляць толькі мітынгі. І, калі б апазыцыя адступіла, то з гэтага б часу апроч мітынгаў на плошчы Бангалёр у сталіцы б нічога не адбылося. Апазыцыя не адступіла, а перайшла ў наступ. Цяпер адступаюць улады, і гэта разбурае міт пра тое, што Лукашэнка не адступае, калі на яго ціснуць. Праблема ў тым, што не было моцнага ціску. Таму апазыцыя паказала моц, але дабіцца ад уладаў сапраўдных перамоваў не змагла".

(Дракахруст: ) "Я б яшчэ дадаў некалькі момантаў. Першае, гэта паглыбленьне міжнароднай ізаляцыі Беларусі, гэта больш жорсткая пазыцыя Захаду. Тут варта прыгадаць, што Злучаныя Штаты ўжо амаль прайшлі ўвесь працэс пазбаўленьня Беларусі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі. Ня выключана, дарэчы, што вось гэты апошні чыньнік быў адной з галоўных прычынаў таго, што ўлады ўсё ж дазволілі Чарнобыльскі Шлях.

Але я вось тут згодны з Валерам, што калі лічыць што прымусіць улады на перамовы з апазыцыяй было галоўнай мэтай апазыцыі, то гэтая мэта, безумоўна, не дасягнутая, бо дзякуючы высілкам уладаў адбылося перараджэньне сапраўднага перамоўнага працэсу ў нейкі незразумелы дыялёг і магчыма тое, што ўлада не саступіла гэтаму ціску вуліцы, сьведчыць аб тым, што ейныя рэсурсы выжываньня яшчэ дастаткова вялікія. Цікава было б разгледзець пытаньне – што далей? Прайшла Вясна-2000, якая даволі моцна страсанула ўлады, але яны так бы мовіць засталіся на сваім месцы. Больш за тое, мне ізноў здаецца, што ўсё ж такі гэтыя акцыі апазыцыі, яны не прывялі да істотных зьменаў грамадзкага настрою.

Такім чынам, пытаньне – што далей?"

(Карабалевіч: ) "Так, гэта сапраўды пытаньне сакрамэнтальнае. Галоўная праблема апазыцыі на працягу многіх гадоў – гэта тое, што яна ня мае доўгатэрміновай стратэгіі, і вулічныя акцыі не зьяўляліся часткай такой вось канцэпцыі, такой вось канцэпцыі, дактрыны, стратэгіі. Мне здаецца, гэта – галоўная праблема, і гэта адбілася і на самой масавасьці акцыыяў, таму што многія задавалі пытаньне: "Які сэнс мне ісьці на гэтую акцыю, прайсьціся па вуліцы, пракрычаць нешта дрэннае пра Лукашэнку, і што далей?" Узьнікае натуральнае пытаньне – як быць?

Вельмі вялікая частка насельніцтва, электарату, якая падтрымлівае апазыцыю, але не прымаетакіх формаў барацьбы, як шэсьце, як мітынгі, як пікеты, як вулічныя акцыі. Як дайсьці да гэтых людзей? Як далучыць іх голас, іх пратэст да таго пратэсту, які быў на вуліцы?"

(Дракахруст: ) "26 красавіка, калі ўлады ўсё ж дазволілі Чарнобыльскі Шлях, яны вырашылі змагацца палітычнымі мэтадамі – пад кіраўніцтвам спадара Чыкіна быў праведзены альтэрнатыўны Чарнобыльскі Шлях. І нягледзячы на прыцягваньне велізарнага адміністрацыйнага рэсурса, ён, зразумела, скончыўся нічым – прыйшло некалькі тысячаў чалавек. Гэта ў некалькі разоў, можа нават у некалькі дзясяткаў разоў менш, чым тых, хто прыйшоў на Чарнобыльскі Шлях апазыцыі. Але, хутчэй за ўсё, гэта таксам сьведчыць аб тым, што ёсьць у грамадзтве пэўныя межы – колькі людзей можна вывесьці на вуліцу пад той ці іншай ідэяй. І вось гэтая тэза – дайсьці да кожнага апазыцыйнанастроенага чалавека. Бо можа ён на выбарах і будзе галасаваць за апазыцыю, але ён наўрад ці пойдзе на дэманстрацыю".

XS
SM
MD
LG