Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Юлія Дранчук

Сярод затрыманых пад час Чарнобыльскага шляху быў і журналіст газэты "Беларуская Маладзёжная" Сяргей Пульша… Яго выпусьцілі ўчора раніцай, але Сяргей толькі позьнім вечарам змог скантактавацца з калегамі. Юлія Дранчук высьветліла абставіны затрыманьня журналіста…

Чаму Сяргей Пульша адразу не паінфармаваў пра здарэньне? Па-першае, 26-га красавіка супрацоўнікі Першамайскага раённага аддзяленьня ўнутраных справаў не дазволілі яму патэлефанаваць ані ўвечары, ані ўначы. Зранку Сяргей патэлефанаваў у рэдакцыю, супрацоўніца паехала яго вызваляць, але ў гэты момант Пульшу павезьлі ў міліцыйнай машыне і высадзілі за горадам. Сяргею прыйшлося пешкі дабірацца дадому. Сяргей Пульша паведаміў, што перад Чарнобыльскім шляхам ён сустракаўся з адным з заяўнікаў акцыі Аляксеем Шыдлоўскім для інтэрвію. Хлопцы ўзялі па піву й пайшлі ў кірунку тэлецэнтру. Расказвае Сяргей Пульша:

(Пульша: ) "Ці то міліцыянты спэцыяльна адсочвалі Аляксея Шыдлоўскага, ці то неяк выпадкова пачулі беларускамоўную гутарку, але ў якасьці прэвэнтыўнай зачысткі яны наваліліся на нашую кампанію. Мяне затрымалі, пасадзілі ў варанок і адвезьлі ў Першамайскі РАУС. Адпаведна быў складзены пратакол, маўляў, мы расьпівалі сьпіртовыя напоі нягледзячы на тое, што піва ня ёсьць сьпіртовым напоем. З прэвэнтыўнай зачысткі, такім чынам, міліцыянты зрабілі звычайную бытавуху. Я праседзеў у пастарунку ноч адпаведна з правілам, як быццам, уначы адпускаць нікога нельга".

(Дранчук: ) "Як да Вас ставіліся міліцыянты?"

(Пульша: ) "Міліцыянты ставіліся досыць непрыхільна. Відавочна, яны ведалі, што я журналіст, бо ў мяне сканфіскавалі ўсе рэчы і дакумэнты, у тым ліку рэдакцыйнае пасьведчаньне, а таксама пасьведчаньне сябры Беларускай Асацыяцыі журналістаў. З прычыны гэтай больш чым дастатковай агрэсіўнасьці міліцыянтаў паспрачаліся з начальнікам. Не магу дакладна цытаваць ягоныя выразы, але сутнасьць нецэнзуршчыны была – маўляў, апазыцыя – вельмі дрэнная, журналісты апазыцыйныя – скрозь прадажныя, атрымліваюць шалёныя грошы. Асабіста я, па ягоным меркаваньні, павінен быў пад час Чарнобыльскага Шляху ствараць перашкоду парадку. На што я адказаў, што пад час мітынгу-шэсьця я мусіў выканаць рэдакцыйнае заданьне, але з-за пэрвэнтыўнай зачысткі не пасьпеў атрымаць паперу, якая пацьвярджала сутнасьць рэдакцыйнага заданьня. Правёўшы ноч у пастарунку, я быў ужо досыць знэрваваны, і таксама размаўляў ня вельмі ветліва. У выніку на мяне надзелі кайданкі, вывезьлі за горад і выкінулі даволі далёка за заводам "Кока-колы".

(Дранчук: ) "Вы дабіраліся дахаты транспартам?"

(Пульша: ) "Пешшу. Бо, вярнуўшы мне забраныя раней рэчы, міліцыянты не забыліся канфіскаваць зь кескі ўсе грошы, што там былі. Там была досыць невялікая сума, але, пазбаўлены й яе, вымушаны быў дабірацца дадому ледзь не да вечара".

(Дранчук: ) "Скажыце, на якіх падставах быў складзены пратакол?"

(Пульша: ) "На тых падставах, як быццам я быў п'яны і не арыентаваўся ў прасторы".

(Дранчук: ) "Ці будзеце Вы неяк рэагаваць на беспадстаўнае затрыманьне?"

(Пульша: ) "Я зьбіраюся зьвярнуцца ў юрыдычны цэнтар Беларускай Асацыяцыі журналістаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG