Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 28 красавіка 2000 г.


КГБ Беларусі актывізаваў спробы паставіць пад кантроль незалежных журналістаў. Напярэдадні "Чарнобыльскага Шляху" КГБ спрабаваў аказаць ціска на карэспандэнта Беларускае службы "Радыё Свабода" Ягора Маёрчыка.

Ураніцу 25 красавіка супрацоўнік Камітэту дзяржаўнае бясьпекі Беларусі, які назваўся Сяргеем Іванавічам з аналітычнае службы ўправы выведкі КГБ, спрабаваў выведаць акалічнасьці працы на "Радыё Свабода" ў студэнта факультэта журналістыкі, аднаго з нашых аўтараў Ягора Маёрчыка.

Ягор Маёрчык быў тэрмінова выкліканы быццам для ўдакладненьня дакумэнтаў у Першамайскі раённы вайсковы камісарыят Менску. Сустрэча была зарганізаваная паводле тыповых для КГБ правілаў, і пад час яе не абышлося бяз спробы схіліць маладога журналіста да супрацоўніцтва са спэцслужбаю. Пры гэтым супрацоўнік КГБ выказваў аргумэнты, падобныя на пагрозы, а калі яны не дапамаглі, пачаў апэляваць да патрыятычных пачуцьцяў суразмоўцы. Вось што кажа сам Ягор Маёрчык пра гэтую сустрэчу…

(Маёрчык: ) "25 красавіка мяне тэрмінова выклікалі ў ваенкамат, як было паведамлена мне, для ўдакладненьня некаторай інфармацыі. Калі я зьявіўся ў ваенкамаце, чалавек, які мяне выклікаў – гэта начальнік другога прызыўнога ўчастку – ён моўчкі ўзяў мяне пад локаць і завёў мяне ў суседні пакой, дзе знаходзіўся чалавек у цывільным. За намі зачынілі дзьверы, чалавек сеў насупраць мяне і сказаў, што ён супрацоўнік Камітэта Дзяржаўнай Бясьпекі і завуць яго Сяргей Іванавіч. Пасьведчаньне ён мне сваё не паказаў і, нават, на далейшыя просьбы назваць прозьвішча і пасаду ён адмовіўся. Чаму я вырашыў, што ён ня хлусіў? Гэты чалавек у размове са мной, якая доўжылася больш за гадзіну, паказаў дасьведчанасьць адносна маёй асобы, майго жыцьця?"

(Грузьдзіловіч: ) "Якія пытаньні ён Вам задаваў, чым ён цікавіўся?"

(Маёрчык: ) "Афіцэр КГБ вельмі цікавіўся стандартамі бясьпекі на Радыё Свабода, хацеў даведацца, што вядома мне пра дзейнасьць спэцслужбаў на Радыё Свабода, яго вельмі цікавіла ўнутраная праца Мекнскага бюро Радыё Свабода, ці праводзяцца з журналістамі гутаркі, якім чынам асьвятляць тую ці іншую падзею".

(Грузьдзіловіч: ) "Гэта было проста інтэрвію, ці ён усё ж такі паспрабаваў Вас завербаваць?"

(Маёрчык: ) "Супрацоўнік КГБ спрабаваў паднесьці нашую зь ім размову як проста размову па душах, але гэта была вярбоўка, таму што пасьля таго, як ён не атрымаў адказы на тыя пытаньні, якія ён задаваў, ён наўпрост прапанаваў супрацоўнічаць з КГБ. Ён так і заявіў: "А ці ня хочаце Вы пасупрацоўнічаць з намі, бо Вы нам вельмі падыходзіце?" Я адмовіўся ад супрацоўніцтва, але варта зазначыць, што спроба завербаваць ці спроба справакаваць на супрацоўніцтва, – яна рабілася некалькі разоў.

Ён наўпрост сказаў: "Вы разумееце, у якім стане зараз знаходзіцца Рэспубліка Беларусь, і шмат хто, шмат якія структуры спрабуюць разыграць беларускую карту. Вы, як грамадзянін краіны, мусіце нам дапамагчы". Часам нашае размовы КГБэшнік чамусьці наўпрост зьвязваў маё супрацоўніцтва з Беларускай службай Радыё Свабода і дзейнасьць нейкіх, не названых ім, спэцслужбаў. Ён ставіў знак роўнасьці… калі я ў чарговы раз адмаўляўся ад супрацоўніцтва, афіцэр КГБ выказваўся ў тым сэнсе, што са мной можа здарыцца тое самае, што здарылася з Андрэем Бабіцкім".

(Грузьдзіловіч: ) "А чаму менавіта да Вас зьвярнуліся з такой прапановай, як вы мяркуеце?"

(Маёрчык: ) "Шчыра кажучы, мне цяжка сказаць, чаму супрацоўнік КГБ зьвярнуў увагу менавіта на мяне. Адна з версіяў – яны вырашылі, што з чалавекам маладога ўзросту яны знойдуць агульную мову пры дапамозе ціску на яго".

Пасьля гэтае гутаркі, якая доўжылася недзе паўтары гадзіны, чэкіст Сяргей Іванавіч суправадзіў Ягора Маёрчыка да начальніка прызыўнога ўчастку Першамайскага вайсковага камісарыяту. Ад таго журналіст даведаўся, што калі ён перавядзецца на завочны аддзел факультэту, то будзе прызваны ў войска (што дарэчы, вядома кожнаму студэнту Дзяржаўнага ўніверсытэту).

Але маёр і не хаваў ад Ягора Маёрчыка, што яго выклікалі ў вайсковы камісарыят зусім ня каб зрабіць папярэджаньне. "Галоўнае, што ты паразмаўляў вось з гэтым чалавекам", – сказаў супрацоўнік камісарыяту й кіўнуў на чэкіста.

Заўважу, што гэта ня першая спроба беларускіх спэцслужбаў завербаваць ці запалохаць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з "Радыё Свабода", – чатыры гады таму мне таксама давялося ўдзельнічаць у падобнай размове, а ў мінулым годзе мяне ўвогуле завезьлі ў КГБ, дзе спрабавалі прымусіць да дачы паказаньняў.

Выпадак зь Ягорам Маёрчыкам дэманструе, што сёньня супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў, выконваючы сваю працу, усё менш абмяжоўваюць арсэнал сродкаў, усё часьцей дзейнічаюць за межамі нормаў, прынятых у дэмакратычных грамадзтвах.

Гэткія дзеяньні сталі нормаю адносна палітыкаў, аб чым сьведчыць, напрыклад, леташняя заява кіраўніка Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Міколы Статкевіча, які пратэставаў супраць спробаў КГБ вербаваць сяброў "Грамады". Тыя спробы Статкевіч называў "шматлікімі" й "несумяшчальнымі з дэмакратычным ладам".

Сёньня, такім чынам, працягваюцца спробы кантраляваць усе недзяржаўныя сфэры жыцьця ў Беларусі з боку сакрэтных службаў, які знаходзяцца цалкам па за межамі ня толькі грамадзкага кантролю, але й любой формы кантролю, апроч як з боку нелегітымнае беларускае ўлады.

Спэцслужбы, якія нібыта ня ўстане высьветліць лёс зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, тым ня менш маюць рэсурсы для кантролю за свабодаю інфармацыі ў Беларусі.

Як сьведчыць прыклад нашага калегі Андрэя Бабіцкага, спробы агэнтурнымі сродкамі запалохаць журналістаў не прыносяць плёну іхным арганізатарам, а толькі прымушаюць журналістаў яшчэ больш прафэсійна выконваць свой абавязак – распаўсюджваць інфармацыю ды ідэі незалежна й свабодна ў інтарэсах нашых слухачоў і чытачоў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

P.S. Сёньня была распаўсюджаная заява прэзыдэнта Радыё Свабода – Свабодная Эўропа Томаса Дайна, які зараз знаходзіцца ў Вашынгтонскім офісе Радыё. Томас Дайн асудзіў спробы КГБ запалохаць карэспандэнт Радыё Свабода і паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб прыцягнуць міжнародную ўвагу да гэтага чарговага парушэньня свабоды прэсы ў Беларусі. Падобнае запалохваньне, паводле Дайна, ня можа застацца без адказу. Дапусьціць гэта – значыць заахвоціць ворагаў свабоды да яшчэ горшых паводзінаў.

XS
SM
MD
LG