Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

У "грамадзка-палітычным дыялёгу", скліканым на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі, па-ранейшаму бяруць удзел прадстаўнікі толькі адной апазыцыйнае партыі – камуністычнае. Ейны лідэр Сяргей Калякін у інтэрвію нашаму радыё зазначыў, што усё яшчэ спадзяецца на пэўныя станоўчыя вынікі гэтае дзеі, у прыватнасьці – у галіне выбарчага заканадаўства.

Многія сябры ініцыятыўнае групы ў правядзеньні "грамадзка-палітычнага дыялёгу" выказваюць расчараваньне тым фактам, што бальшыня партыяў, аб'яднаных у Каардыцыйную раду апазыцыйных палітычных партыяў, ігнаруе працэс "дыялёгу". Такім чынам атрымліваецца, што многія палітычныя патрабаваньні на ім выказваюць грамадзкія арганізацыі – Клюб выбаршчыкаў, аб'яднаньне "Яблоко" ды іншыя.

Толькі Партыя камуністаў працягвае браць удзел як у плянарных пасяджэньнях "дыялёгу", гэтак і ў складзе некалькіх экспэртавых групаў. Як зазначыў у інтэрвію "Радыё Свабода" лідэр ПКБ Сяргей Калякін, ён і ягоная партыя гатовыя весьці дыялёг гэтак доўга, колькі спатрэбіцца для прыняцьця канкрэтных важных рашэньняў. Але пакуль што "дыялёг" застаецца бясплённым.

Сяргей Калякін заяўляе, што пазыцыя ягонае партыі ў "дыялёгу" ўзгодненая зь іншымі апазыцыйнымі партыямі.

Галоўнай ПКБ лічыць працу ў экспэртавай групе ў пытаньнях ўдасканаленьня Выбарчага кодэксу. Паводле словаў Сяргея Калякіна, у экспэртавай групе знойдзена паразуменьне з прадстаўнікамі ўрадавага боку адносна бальшыні заяўленых пазыцыяў.

У прыватнасьці, дасягнута згода ў неабходнасьці рэзэрваваньня за палітычнымі партыямі 30 адсоткаў складу выбарчых камісіяў; ёсьць паразуменьне ў неабходнасьці больш дакладна акрэсьліць правы назіральнікаў, у тым ліку забясьпечыць ім права на атрыманьне копіяў пратаколаў вынікаў галасаваньня.

Адзінай праблемаю, у якой няма такое згоды, паводле словаў Сяргея Калякіна, застаецца прапанова пра зьмешаную мажарытарна-прапарцыянальную форму выбараў. Партыя камуністаў настойвае, каб выбарчая сыстэма была ў нас такой, як у Расеі, калі ў выбарах бяруць удзел ня столькі партыі, колькі выбарчыя блёкі і аб'яднаньні. Але й адносна ўвядзеньня зьмешанае выбарчае сыстэмы Сяргей Калякін яшчэ ня страціў аптымізму, паколькі частка экспэртаў ад урадавага боку выказала гатоўнасьць абмяркоўваць гэтую тэму.

Ці мае аптымізм камуністаў нейкі грунт, мы даведаемся ўжо 3 траўня, калі на чарговым плянарным паседжаньні "грамадзка-палітычнага дыялёгу" будзе падводзіцца вынік працы экспэртавай групы ў пытаньнях ўдасканаленьня Выбарчага кодэксу й будзе прымацца рашэньне-парада для ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG