Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Агалошана сэнсацыйная інфармацыя пра тое, што Міністэрства жыльлёва-камунальнае гаспадаркі плянуе ў 4-7 разоў павялічыць кошты на камунальныя паслугі.

Міністар жыльлёва-камунальнае гаспадаркі Аляксандар Мількота прапанаваў прэм'еру Ўладзімеру Ярмошыну павялічыць да пачатку ацяпляльнага сэзону кошты на ацяпленьне ў сем разоў, а плату за кватэру – у чатыры разы. Прычым, для жыхароў Менску кватэрную плату плянуецца павялічыць яшчэ больш – у пяць разоў. Нялёгка давядзецца й тым, хто прыватызаваў кватэру. Толькі 20 квадратных мэтраў на чалавека плюс 10 на сям'ю будуць аплочвацца паводле нізкіх тарыфаў, астатняе – паводле сабекошту.

Цікава, што прадстаўнік эканамічнага дэпартамэнту Міністэрства жыльлёва-камунальнае гаспадаркі адмовіўся камэнтаваць гэтую інфармацыю і нават паспрабаваў яе абвергнуць. Чыноўнік быў нагэтулькі запалоханы, што нават адмовіўся назваць свае імя. Ён толькі сказаў, што падвышэньне камунальных коштаў патрэбнае дзеля таго, каб выканаць сёлетні бюджэт.

Цікава, што міжнародныя фінансавыя арганізацыі на працягу некалькіх гадоў раілі беларускаму ўраду зрабіць кошты за камунальныя паслугі рэальнымі, каб жыхары плацілі за тое, што спажываюць. Пры гэтым прапаноўвалася ўвесьці сыстэму, якая магла б абараніць малазабясьпечаных.

Аднак беларускае кіраўніцтва заўсёды адвяргала такія прапановы, бо яны супярэчылі папулісцкай эканамічнай канцэпцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Цяпер сытуацыя, відаць, зьмянілася. Беларускаму ўраду не хапае грошай, і таму ён шукае іх у жыхароў краіны. Кіраўніцтва Беларусі ў такіх выпадках звычайна ўзгадвае суседнія краіны Балтыі, у якіх дзейнічаюць высокія камунальныя тарыфы й складана жывецца пэнсіянэрам. Але маўчыць пра той факт, што й заробкі ў Беларусі непараўнальныя зь летувіцкімі ці латвійскімі.

XS
SM
MD
LG