Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч

Учора ўвечары ў Крычаве была пастаўленая кропка ў вядомай "мсьціслаўскай справе" – пасьля трох месяцаў паседжаньняў судовая калегія Магілеўскага абласнога суда вынесла прысуд былому старшыні Мсьціслаўскага райвыканкаму Сяргею Дземідзенку і ягонаму былому першаму намесьніку Сяргею Саханкову.

Суд па гэтай крымінальнай справе – апошні ў агульным шэрагу "мсьціслаўскай справы", якая пачалася з гучных арыштаў кіраўніка раёну і адстаўкі старшыні Магілеўскага аблвыканкаму Аляксандра Кулічкова, якія былі сваякамі. Аднак імя Кулічкова нідзе ў крымінальных справах па Мсьціслаўскім раёне не фігуравала.

Як высьветлілася, абвінавачаньні Дземідзенкі і Саханкова ў асноўным грунтуюцца на арганізацыі каля 30 абедаў у мсьціслаўскай рэстарацыі з нагоды прыезду ў раён розных дэлегацыяў і розных мерапрыемстваў. Звычайна аплату харчаваньня бралі на сябе мясцовыя калгасы і масласырзавод, але справа ў тым, што для такіх дзеяньняў павінны праводзіцца сходы калгасьнікаў і працоўных калектываў, якія б давалі згоду на пачастунак для гасьцей за свой кошт, і далей павінна афармляцца адпаведная дакумэнтацыя.

Таму Сяргей Дземідзенка ў сваім апошнім слове сказаў, што яму ня сорамна глядзець людзям у вочы, і што ён прызнае сябе вінаватым толькі ў фармальных парушэньнях, бо не прасачыў за належным афармленьнем папераў. Дарэчы ў адносінах да старшыняў калгасаў, якія гэтыя паперы афармлялі, крымінальны перасьлед спынены ў сувязі з малазначнасьцю парушэньняў, а ўсе астатнія ў вобласьці пракурорамі папярэджаныя.

Суд прызнаў былога кіраўніка Мсьціслаўскага раёну вінаватым у злоўжываньні службовым становішчам, крадзяжы, падбухторваньні да крадзяжу, перавышэньні ўлады, службовым падлогу, атрыманьні хабару (гэта 100 кіляграмаў мяса ад аднаго з калгасаў, якія пайшлі на сьвяткаваньне 50-гадовага юбілею Дземідзенкі, дзе гуляла больш за 300 чалавек), а таксама вінаватым у незаконным захоўваньні боепрыпасаў – гэта было самае першае абвінавачаньне, маюцца на ўвазе 28 патронаў.
Ягоны прысуд – 4 гады пазбаўленьня волі, канфіскацыя маёмасьці, кампэнсацыя ўрону ў памеры больш за 140 тысяч дэнамінаваных беларускіх рублёў.

Былы першы намесьнік старшыні райвыканкаму атрымаў тры з паловай гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй. Ён быў узяты пад варту ў залі суда, бо раней мераю стрыманьня меў падпіску аб нявыезьдзе.

Адвакаты Дземідзенкі і Саханкова выказваюць сваё меркаваньне пра прысуд – ён падаецца ім вельмі жорсткім. Суд жа, у сваю чаргу адзначыў, што злачынствы, учыненыя Дземідзенкам і Саханковым, падрываюць аўтарытэт ворганаў улады. Не выключана, што прысуд будзе абскарджаны.

А сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Магілеву пачаўся разгляд і яшчэ адной гучнай – быхаўскай справы. На лаве падсудных – былы кіраўнік вэртыкалі Быхаўскага раёну Генадзь Гунёў. Ён абвінавачваецца ў злоўжываньні ўладай і службовым становішчам, крадзяжы, службовым падлогу. Тут ідзе мова пра незаконную прыватызацыю кватэры ў абласным цэнтры і прысабечваньне тэлеывізара "Віцязь".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG