Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Галіна Прыгара, Ню-Ёрк

Хаця ў Менску абяцанай навальніцы так і не адбылося, у Ню-Ёрку пікет падтрымкі "Чарнобыльскага шляху" прайшоў пад моцным дажджом. Перадае Галіна Прыгара

Беларускія арганізацыі ў Амэрыцы ў гэтым годзе выступаюць з падтрымкай усіх масавых акцыяў менскай "Вясны 2000". "Чарнобыльскі шлях" у Ню-Ёрку быў падтрыманы пікетам мясцовых беларускіх арганізацыяў. Пікет адбыўся каля будынку ААН.

Зараз у Ню-Ёрку надзвычай халоднае надвор"е. Пад час пікету йшоў даволі моцны дождж. Тым ня менш, больш за 20 пікетоўцаў гадзіну трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты. Па традыцыі ў памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы былі запаленыя сьвечкі.

Старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Антон Шукілойць нагадаў прысутным, што ў дзень Чарнобыльскай аварыі беларусы незвычайна зьбіраюцца ў Ню-Ёрку каля будынку ААН:

(Шукялойць: ) "Ня ўсе можа ведаюць, ўсе хто толькі з нас тут быў, калі на пачатку 90-х гадоў, калі кароткі гэты час Беларусь сапраўды была незалежнай дзяржавай, тады міністар замежных справаў пастараўся, каб у будынках аб"еднаных нацыяў адна з прыгожых заляў была ўдэкараваная вялікім дываном выдатнага беларускага мастака Кішчанкі. Нямнога народаў маюць памяткі ў гэтых будынках. Аднак, Беларусь у гэныя часы змагла дабіцца, каб адна з заляў была ўдэкараваная вялікім дываном, прысьвечаным аварыі на ЧАЭС."

Выступаў на пікеце і паэт Славамір Адамовіч. Ён упершыню ў Ню- Ёрку бярэ ўдзел у масавых акцыях беларускай грамады.

(Адамовіч: ) "Мне тут папярэдне сказалі, што ў нас у Менску адносна спакойна прайшлі мітынг і шэсьце. Я гэтаму рады. Не так, як 25-га сакавіка, калі я браў удзел і быў затрыманы два разы цягам дня. Цікава, што ня бачу паліцыі, ніхто не стараецца, ну ўжо не кажу прасіць нас пайсьці зь пікету, але й не перашкаджае правядзеньню нашай акцыі."

Славамір Адамовіч заўважыў таксама, што ўхваляе палітычную актыўнасьць эмігрантаў новай хвалі ў Амэрыцы. Напрыканцы мерапрыемства была прынятая рэзалюцыя- зварот да амэрыканскага ўраду.

У гэтым звароце ўвага надаецца ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі ў Беларусі і ігнараваньню праблемы сёньняшнім кіраўніцтвам Беларусі. Рэзалюцыя была зацьверджаная на пікеце, і яе тэкст будзе адпраўлены ў амэрыканскія ўрадавыя ўстановы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG