Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Савецкім раённым судзе Менску сёньня судзілі затрыманых удзельнікаў "Чарнобыльскага Шляху".

Ураніцу супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу прывезьлі Юрыя Кузьміцкага са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, што на вуліцы Акрэсьціна, у Савецкі суд Менску. Кузьміцкага затрымалі ўчора ўвечары, калі той накіроўваўся дадому.

Уся яго віна ў тым, што ён нёс бел-чырвона-белы сьцяг і адмовіўся даць яго міліцыянтам. На яго ў Кастрычніцкім РАУСе быў складзены пратакол паводле артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу (дробнае хуліганства). У пратаколе міліцыянты напісалі, нібыта Юры лаяўся ў грамадзкім мейсцы й абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

У судзе Юры Кузьміцкі патлумачыў, што, сапраўды, нёс сьцяг дадому пасьля мітынгу, але не лаяўся. Ён паведаміў таксама, што міліцыянты пасьля таго, як ён адмовіўся аддаць сьцяг, зьбілі яго з ног і білі дубінкамі й нагамі. Судзьдзя Руслан Казадаеў, нягледзячы на гэта, вынес прысуд: 5 сутак адміністрацыйнага арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку.

Потым супрацоўнікі Савецкага РАУС прывезьлі ў суд са спэцпрыёмніка студэнта 2-га курсу Беларускага Аграрна-Тэхнічнага ўнівэрсытэту Сяргея Церахава. Ён распавёў "Радыё Свабода" пра сваё затрыманьне:

"Я ніколі ня браў удзелу ў мітынгах, вырашыў паглядзець на ўласныя вочы, бо ня мог паверыць, што міліцыя безпадстаўна забірае людзей. Але зараз я ўпэўніўся ў гэтым на ўласным досьведу. Мы йшлі разам з маім малодшым братам ды іншымі людзьмі ў калёне. Потым мы з братам пабылі 20 хвілінаў на мітынгу й пайшлі ў бок вуліцы Багдановіча. Калі йшлі, ён гучна выгукнуў "Жыве Беларусь!". Раптам выскачылі нейкія людзі, схапілі брата. Я кінуўся да іх, і тады яшчэ трое схапілі мяне.

Нас хутка кінулі ў "варанок" і адвезлі ў Савецкі РАУС. Там мы доўгі час сядзелі ў душнай камэры . Паколькі мой брат непаўнагадовы, яго адпусьцілі, а на мяне склалі пратакол, што я нібыта хуліганіў, парушаў грамадзкі парадак і абражаў міліцыянтаў. Пасьля гэтага недзе а другой гадзіне начы мяне адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік", – паведаміў Сяргей Церахаў.

Разгляд ягонай адміністрацыйнай справы Руслан Казадаеў вымушаны быў перанесьці на заўтра, бо трэба апытаць у якасьці сьведкі ягонага брата.

Судзьдзя Іна Шыйко разглядала справу Дзяніса Яроменкі, юрыста вабласнога фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якога таксама прывезьлі са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка. Дзяніса Яроменку затрымалі за тое, што ён нёс пасьля заканчэньня мітынгу пудзіла.

Пудзіла – гэта шчотка на палцы, на канцы якой – хакейны шлем. Яно ўвесь дзень прастаяла ў судовай зале. Супрацоўнікі міліцыі катэгарычна сьцьвярджаюць, што пудзіла абражае Аляксандра Лукашэнку. Прычым, і наведнікі суду, калі ўваходзяць у судовую залю, пытаюцца – чаму тут стаіць "помнік Лукашэнку"?

Дзяніс Яроменка заявіў хадайніцтва, каб справа разглядалася з адвакатам. А 16-й гадзіне ў суд зьявіўся адвакат. Зараз справа разглядаецца, і на гэты час рашэньня суду яшчэ няма.

Усе астатнія затрыманыя ўдзельнікі "Чарнобыльскага Шляху" былі адпушчаныя ўначы нават без складаньня пратаколаў.

XS
SM
MD
LG