Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва арганізацыйнага камітэту ў правядзеньні Чарнобыльскага Шляху лічыць, што ўчорашняя акцыя ў Менску прайшла ўдала, нават нягледзячы на правакацыі з боку ўладаў. Лідэры аб'яднанай апазыцыі кажуць, што атрымалі перамогу ў "гарачай палітычнай вясьне-2000".

Сёньня ў часе выніковае прэсавае канфэрэнцыі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка назваў учорашні "Чарнобыльскі Шлях" адной з самых істотных акцыяў сёлетняе палітычнае вясны. На думку спадара Вячоркі, трагічная нагода гадавіны атамнае катастрофы вымагала таго, каб Шлях прайшоў мірна, без эксцэсаў і супрацьстаяньня, што й было дасягнута.

Вінцук Вячорка паведаміў, што паводле зьвестак арганізатараў, ва ўчорашнім Шляху ўдзельнічала каля 40 тысячаў чалавек, і такая вялікая колькасьць людзей, на іхную думку, сьведчыць пра тое, што грамадзтва пачынае пераадольваць страх.

Арганізатары Шляху вельмі ўдзячныя ўрадам заходніх краінаў і прадстаўнікам міжнародных арганізацыяў за кампанію салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй. Арганізатары лічаць, што менавіта супольнымі намаганьнямі беларуская і міжнародная грамадзкасьць змусіла ўлады пайсьці на саступкі.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Мы разглядаем як бяспрэчную нашую перамогу тое, што нам удалося вымусіць рэжым хаця б часткова запаўзьці назад у нару і адмовіцца ад гістэрычнай забароны праводзіць любыя шэсьці, любыя маршы ў нашай сталіцы. Напярэдадні акцыі мы атрымалі дазвол на Чарнобыльскі Шлях, лічым гэта вынікам нашай цьвёрдай, пасьлядоўнай пазыцыі, а таксама беспрэцэдэнтнай кампаніі міжнароднай салідарнасьці з намі",

– паведаміў спадар Вячорка.

Перамогаю апазыцыі называлі ўчорашні "Чарнобыльскі Шлях" і лідэр АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч ды старшыня аргкамітэту Шляху Іван Нікітчанка. Праўда, спадар Нікітчанка лічыць, што акцыя ўдалася ня столькі дзякуючы міжнароднаму й нутраному ціску на ўлады, колькі бязглуздай палітыцы ў вадносінах да "чарнобыльцаў", якую праводзіць Аляксандар Лукашэнка.

На думку ж спадара Івашкевіча, апазыцыі трэба й надалей каардынаваць свае дзеяньні зь міжнароднымі структурамі й аказваць няспынны ціск на ўлады ў справе правядзеньня ў Беларусі свабодных і дэмакратычных выбараў.

Пад час "Чарнобыльскага Шляху" не абыйшлося без правакацыяў. Міліцыя затрымала некалькі ўдзельнікаў акцыі. Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру "Вясна", трое дэманстрантаў паўстануць перад судом па абвінавачваньню ў дробным хуліганстве. Адміністрацыйны пратакол быў складзены й на аднаго непаўнагадовага маніфэстанта.

Падобныя зьвесткі нашаму радыё паведамілі і ў прэсавай службе сталічнае ўправы нутраных справаў. Праўда, колькасьць удзельнікаў Шляху міліцыянты ацэньваюць у 8 тысячаў чалавек. Прэсавы сакратар гарадзкое міліцэйскае ўправы Натальля Лапо назвала паводзіны арганізатараў і ўдзельнікаў Шляху "адносна цывілізаванымі", аднак ад далейшых камэнтароў адмовілася, спаслаўшыся на тое, што хоча спакойна дапрацаваць да пэнсіі.

Лідэры апазыцыі таксама паведамілі, што "Чарнобыльскім Шляхам" палітычная "Вясна-2000" ня сканчваецца. У траўні апазыцыянэры маюць намер правесьці шэраг акцыяў, прысьвечаных 55-й гадавіне перамогі над фашыстоўскай Нямеччынаю, 5-й гадавіне г.зв. рэфэрэндуму 1995 году й гадавіне зьнікненьня экс-міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі.

XS
SM
MD
LG