Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дзевяноста сябраў аргкамітэту "Чарнобыльскага Шляху", што падпісалі заяўку на правядзеньне гэтай акцыі, накіравалі сёньня ў суд Маскоўскага раёну Менску пратэст супраць дзеяньняў гарадзкога выканаўчага камітэту, які забараніў шэсьце 26 красавіка. Арганізатары "Шляху" лічаць, што ўчорашняе рашэньне сталічных уладаў не канчатковае і можа быць перагледжанае ў бліжэйшыя дні.

Сябры аргкамітэту "Чарнобыльскага Шляху" лічаць учорашняе рашэньне менскіх уладаў грубым парушэньнем заканадаўства. Паводле закону, гарадзкі выканаўчы камітэт меў права мяняць час або маршрут шэсьця, але ані ў якім выпадку не фармат акцыі.

Арганізатары "Шляху" ня маюць ілюзіяў адносна справядлівасьці беларускае судовае сыстэмы, тым ня менш, яны вырашылі цалкам выканаць фармальную працэдуру абскарджваньня несправядлівага, на іхную думку, рашэньня чыноўнікаў.

Скарга ў суд пададзеная ад імя ўсіх 90 чалавек, што паставілі свае подпісы пад заяваю на правядзеньне "Чарнобыльскага Шляху". Яны просяць суд толькі аб адным – адмяніць рашэньне гарадзкога выканаўчага камітэту. Аніякіх іншых прэтэнзіяў да менскіх чыноўнікаў арганізатары акцыі ня маюць.

Паводле словаў намесьніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка, учора сябры аргкамітэту паінфармавалі аб забароне шэсьця міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, амбасады заходніх дзяржаваў і Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску. Спадар Сіўчык гаворыць, што заходнія дыпляматы выказалі абурэньне канфрантацыйнымі паводзінамі беларускіх уладаў напярэдадні "Чарнобыльскага Шляху".

Намесьнік старшыні БНФ не выключае, што ўлады будуць вымушаныя перагледзіць сваё рашэньне. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "У нас ёсьць інфармацыя, што гэтае рашэньне было не канчатковае. Тыя сустрэчы, якія мы правялі ўжо ўчора з прадстаўнікамі розных міжнародных структураў, гэта ўскосна пацьвярджаюць. У бліжэйшыя дні будзе арганізаваная масаваная кампанія ўплывовых міжнародных структураў на лукашэнкаўскі рэжым, акрамя таго будуць праведзеныя кантакты з сілавымі структурамі выканаўчай улады",

– паведаміў спадар Сіўчык.

Арганізатары "Чарнобыльскага Шляху" лічаць, што ў вышэйшых структурах улады яшчэ канчаткова ня вызначыліся, які варыянт – мірны ці сілавы – будзе ўжыты 26 красавіка. Асабліва насьцярожвае сябраў аргкамітэту рашэньне Аляксандра Лукашэнкі паехаць 26 красавіка ў чарнобыльскую зону. Яны не выключаюць, што, пакінуўшы ў гэты дзень Менск, Лукашэнка зьбіраецца зноў, як і 25 сакавіка, разьвязаць рукі нутраным войскам і міліцыі.

Памочнік намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Анатоль Астахаў паведаміў сёньня нашаму радыё, што наўрад ці ўлады будуць пераглядаць сваё ўчорашняе рашэньне, – маўляў, дзеля гэтага няма аніякіх падставаў. Тым ня менш, арганізатары "Чарнобыльскага Шляху" пакуль не пакідаюць надзеі знайсьці паразуменьне з уладамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG