Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня арганізатары Чарнобыльскага Шляху атрымалі нечаканую інфармацыю аб дазволе на правядзеньне шэсьця. Чыноўнікі менскага гарадзкога выканаўчага камітэту прапанавалі ім правесьці 26 красавіка калёну па маршруце Пляц Якуба Коласа – пляц Бангалёр. Гэтае паведамленьне павінна быць пацьверджанае заўтра. Эксклюзыўнае інтэрвію Анатоля Лябедзькі, які гэтую інфармацыю атрымаў у гарвыканкаме.

Сёньня ў другой палове дня ў штаб-кватэры Аб'яднанай Гамадзянскай партыі раздаўся тэлефонны званок. Упаўнаважаны сталічным кіраўніцтвам чыноўнік прапанаваў старшыні партыі Анатолю Лябедзьку сустрэцца, каб абмеркаваць некаторыя акалічнасьці правядзеньня Чарнобыльскага Шляху. Спадар Лябедзькка прыехаў у гарвыканкам. Паводле ягоных словаў, чыноўнік, імя якога Лябедзька не захацеў назваць, пачаў здалёк. Маўляў, вы ж нас зразумейце, кіраўніцтва сталіцы заўсёды імкнулася да вырашэньня любых канфліктаў мірным шляхам і г.д. Пасьля супрацоўнік гарвыканкаму перайшоў да асноўнай, галоўнай часткі сутрэчы.

Ён абвесьціў Аляксандру Лябедзьку, што на нарадзе адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і Рады Бясьпекі прынятае прынцыповае рашэньне аб дазволе на правядзеньне апазыцыяй 26 красавіка ня толькі мітынгу, але й шэсьця. Заўтра арганізатарам прапанавана прыйсьці ў выканкам і пісьмова падпісаць згоду на маршрут шэсьця ад пляцу Якуба Коласа да пляцу Бангалёр і правядзеньне там мітынгу. На пытаньне Анатоля Лябедзькі, чаму нельга было прыняць такую пастанову ў мінулы чацьвер, калі кіраўніцтва гарвыканкаму разглядала заяўку арганізатараў Шляху, чыноўнік сказаў, што яны людзі маленькія, і якое рашэньне прымуць у прэзыдэнцкай адміністрацыі ці ў ведамстве спадара Шэймана, то і яны будуць выконваць. На гэты сустрэча і скончылася.

З гарвыканкаму лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай партыі адразу ж накіраваўся на паседжаньне аргкамітэту Чарнобыльскага Шляху і паінфармаваў яго сябраў аб прапанове ўладаў. Пасьля абмеркаваньня гэтай прапановы арганізатары Шляху вырашылі пайсьці на перамовы з уладамі.

Чаму ж улады вырашылі памяняць ужо прынятае рашэньне. Вось як пракамэнтаваў нашаму Радыё рашэньне Лукашэнкі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Нават дурань, калі двойчы наступае на адны і тыя ж граблі, то яму баліць. У кожным выпадку, я думаю, што быў прэс. У мяне ў сыботу была сустрэча са спадаром Фасье, і ён кажа, што Эўразьвяз таксама выступае за гэты кампрамісны варыянт, каб дазволілі гэтае мірнае шэсьце, таму з боку Захаду быў ціск на рэжым, і я не выключаю, што такі ціск быў, нават, з боку Расеі".

Заўтра старшыня аргкамітэту Чарнобыльскага Шляху Іван Нікітчанка і лідэры апазыцыйных партыяў, што ўваходзяць у аргкамітэт, павінны пачаць перамовы ў гарвыканкаме па ўзгадненьні маршруту шэсьця.

XS
SM
MD
LG