Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ўвечары менскі гарадзкі выканаўчы камітэт даў нарэшце арганізатарам Чарнобыльскага Шляху афіцыйны дазвол на правядзеньне заўтрашняга шэсьця. Улады пагадзіліся на тое, каб прыхільнікі апазыцыі прайшлі ад пляцу Якуба Коласа па праезнай частцы праспэкту Скарыны й вуліцы Сурганава да пляцу Бангалёр, дзе адбудзецца мітынг.

А 18-й гадзіне ўвечары кіраўніцтва гарадзкога выканаўчага камітэту сабралося на сваё нечарговае паседжаньне. Яно не было працяглым. Кіраўнікі менскае "вэртыкалі" паведамілі старшыні аргкамітэту Івану Нікітчанку, а таксама спадарам Вячорку, Лябедзьку, Івашкевічу ды іншым, што папярэдняе рашэньне ўладаў аб забароне шэсьця адмененае і гарадзкі выканаўчы камітэт прапануе арганізатарам накіраваць калёну сваіх прыхільнікаў з пляцу Якуба Коласа па праспэкце Скарыны й вуліцы Сурганава да пляцоўкі на Бангалёр.

Кіраўніцтва выканаўчага камітэту тлумачыла адмену свайго папярэдняга рашэньня новымі грамадзка-палітычнымі абставінамі й тым, што Чарнобыль – гэта агульная бяда ўсіх беларусаў незалежна ад палітычных прыхільнасьцяў. Маўляў, у такі сумны дзень улады ня могуць перашкаджаць людзям выказваць свой смутак.

Аднак арганізатары Шляху ня вераць у шчырасьць словаў чыноўнікаў. На іх думку, улады проста былі вымушаныя саступіць ціску міжнародных арганізацыяў і прадстаўнікоў беларускае грамадзкасьці, якія зьбіраліся праводзіць "Чарнобыльскі Шлях" у любых умовах. Гаворыць сябра аргкамітэту Шляху, прафсаюзны лідэр Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Цікава, што калі мы заходзілі ў выканкам, адтуль выходзіў амэрыканскі амбасадар Спэкхард, з чаго я зразумеў, што такое рашэньне гарадзкіх уладаў было вынікам масаванай міжнароднай падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі з боку сусьветнага грамадзтва і ўрадаў заходніх краінаў",

– паведаміў спадар Івашкевіч.

Такім чынам дзельнікі Шляху абсалютна легальна зьбіраюцца заўтра а 18-й гадзіне на пляцы Якуба Коласа. Паводле словаў Віктара Івашкевіча, ў "Чарнобыльскім Шляху-2000" возьме ўдзел ня менш за 80 тысячаў чалавек.

Акцыі, прысьвечаныя 14-й гадавіне Чарнобыльскае катастрофы, акрамя сталіцы, пройдуць заўтра і ў іншых гарадох краіны. Праўда, у васноўным чарнобыльскія акцыі адбудуцца ў паўднёвых і ўсходніх рэгіёнах Беларусі, якія найбольш пацярпелі ў выніку трагедыі.

Так, у Віцебску пройдуць адразу дзьве акцыі. Гарадзкія ўлады дазволілі шэрагу апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў правесьці а 18-й гадзіне на цэнтральным пляцы імя Леніна мітынг памяці ахвяраў трагедыі. Ягоныя ўдзельнікі – ліквідатары, перасяленцы – маюць намер стварыць рабочую групу ў падрыхтоўцы "Кнігі памяці Чарнобылю". Мітынг скончыцца малебнам, які супольна адслужаць праваслаўныя і каталіцкія сьвятары.

У гэты ж самы час ля віцебскай абласной бібліятэкі акцыю пад назваю "Хвіліна смутку" правядуць сябры мясцовае суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ. Гэтая акцыя будзе праходзіць нелегальна, паколькі ўлады не далі дазволу на ейнае правядзеньне.

Віцебскія апазыцыйныя арганізацыі, таксама зьвярнуліся да жыхароў гораду з заклікам запаліць заўтра а 22-й гадзіне ў вокнах сваіх дамоў сьвечкі ў памяць аб ахвярах Чарнобылю.

У Пінску улады дазволілі правесьці шэсьце праз цэнтар гораду, якое скончыцца мітынгам і паніхідаю ў гарадзкім парку. Пры гэтым пінскія чыноўнікі патрабуюць ад арганізатараў, каб тыя ў часе акцыі не выкарыстоўвалі аніякіх сьцягоў (нават партыйных).

Прадстаўнікі апазыцыі таксама ладзяць заўтра акцыі ў цэнтрах абласьцей, найбольш пацярпелых ад Чарнобыльскае катастрофы – Гомелі й Магілеве. У гарадзкіх сквэрах гэтых гарадоў пройдуць гадзіны смутку й памяці.

Падобная акцыя адбудзецца заўтра а 21-й гадзіне і ў горадзе Бяроза Берасьцейскае вобласьці, а вось у самім Берасьці пройдзе толькі вечарына памяці.

А сёньня мітынгі-рэквіемы адбываюцца ў трох гарадох Менскае вобласьці – Барысаве, Салігорску й Маладэчне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG