Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

Першымі пра Чарнобыльскую катастрофу сьвету паведамілі швэды. Тады яны яшчэ ня ведалі, адкуль у паветры Швэцыі – падвышаны ўзровень радыяцыі… Расказвае швэдзкі журналіст Ларс Хольм, які ў той час працаваў у газэце "Баромэтрэн"…

(Хольм: ) "Было недзе каля 9.30 раніцы. І раптам прыйшла навіна, што ў паветры падвышаны ўзровень радыяцыі. Тады яны ня ведалі, адкуль гэтая радыяцыя йдзе. Называлася паўночная частка Стакгольму, бо там ёсьць атамная электрастанцыя. Першыя гадзіны была такая інфармацыя. Але з нашай электрастанцыі хутка паведамілі, што ў іх усё ў парадку. Праз дзьве гадзіны прыйшла новая інфармацыя. Што радыяцыя прыйшла ад атамнай электрастанцыі з Усходняй Эўропы. Магчыма, з Ігналіны ці Чарнобылю. У гадзіну дня мы ўжо ведалі, што радыяцыя йдзе з Чарнобылю. Гэта – за Кіевам ва Ўкраіне. Мы ня ведалі, дзе быў Кіеў і ніколі ня чулі слова Чарнобыль".

Швэдзкі журналіст Ларс Хольм сказаў, што найбольшы шок у швэдаў выклікала інфармацыя, што ў Савецкім Саюзе людзям не паведамілі, як рэагаваць на трагедыю. У самой Швэцыі сродкі масавай інфармацыі называлі тыя месцы, дзе ня варта было знаходзіцца на вуліцы…. Гэта плошча каля 200 кілямэтраў на поўнач Стакгольма. Цягам дня швэдзкія радыё і тэлебачаньне транслявалі праграмы, як небясьпечна тое, што адбылося, як ратавацца, што есьці. Працягвае Ларс Хольм:

(Хольм: ) "Увечары мы ўжо ведалі ўсё. Па тэлевізыі паказвалі і мапу Кіева, каб мы ведалі, дзе знаходзіцца Чарнобыль. Журналісты пыталіся, але не атрымалі тлумачэньняў, камэнтароў ад афіцыйных асобаў у Кіеве. Яны адмаўлялі факт і гаварылі, што радыяцыя йдзе зь іншых месцаў. Гэта – ў першы дзень. На другі дзень кіеўскія ўлады сказалі, што праблема ёсьць. Была маленьнкая аварыя…"

Я запыталася ў Ларса Хольма пра рэакцыю швэдзкага боку на тое, што і Савецкім Саюзе ад людзей хавалі праўду пра маштабную сьмертаносную трагедыю…

(Хольм: ) "Швэдзкі ўрад, прэм'ер-міністар у той час былі вельмі абураныя, расстроеныя, што яны ў той момант не атрымалі канкрэтнай рэакцыі ад савецкіх кіраўнікоў. Яны прасілі Маскву: калі ласка, скажыце… Там могуць быць швэдзкія грамадзяне. Скажыце праўду, наколькі аварыя маштабная… Але яны не атрымалі ніводнай канкрэтнай інфармацыі. Толькі такую – праблема, але маленькая. У той час у Швэцыі зноў зьявілася злосьць на Савецкі Саюз…"

Што найбольш уразіла майго швэдзкага калегу Ларса Хольма 14 гадоў назад? Па швэдзкай тэлевізіі паказалі сюжэт пра сьвяточную дэманстрацыю ў Кіеве з нагоды сьвята працы 1-га траўня. Было шмат сонца, ішлі калёны людзей, якія ўсьміхаліся, несьлі чырвоныя сьцягі і ў заражаным паветры за ручкі вялі вясёлых маленькіх дзяцей…

Гутарыла

XS
SM
MD
LG