Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Марыя Усьціновіч, Магілеў

Пра сёньняшнія жалoбныя мерапрыемствы ў Магілеве паведамляе наш карэспандэнт Марыя Ўсьціновіч.

Першае зь іх раніцай адбылося на пляцы Магілеўскай школы міліцыі. Штогод тут праходзяць мітынгі-рэквіемы, і гэта зьвязана з тым, што шмат супрацоўнікаў школы міліцыі – ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

А 12-й гадзіне ў прыгарадзе Магілеву ў Любужы ля помніку ахвярам Чарнобылю на тэрыторыі Магілеўскага інстытута экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі адбылося ўскладаньне кветак, у якім бралі ўдзел кіраўнікі вобласьці і гораду, практычна ўся мясцовая намэнклятура. Памяць ахвяраў Чарнобыля прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчаньня.

Потым у Магілеўскім гарадзкім цэнтры культуры і вольнага часу прайшла сустрэча старшаклясьнікаў зь ліквідатарамі.

Ліквідатараў з праваахоўчых ворганаў у другой палове дня зьбіралі ў абласным упраўленьні ўнутраных спраў, у тым ліку і 12 удоў ліквідатараў, якім была ўручана матэрыяльная дапамога. У гэтыя ж хвіліны ў двух хрысьціянскіх царквах – каталіцкай і праваслаўнай, касьцёле сьвятога Станіслава і храме трох Сьвяціцеляў у Магілеве пачынаюцца набажэнствы, якія замовіла Каардынацыйная нарада прадстаўнікоў дэмакратычных, палітычных і грамадзкіх арганізацыяў абласнога цэнтру.

Пасьля адмысловых літургіяў памяці ахвяраў Чарнобыля ўдзельнікі акцыі прыкладна а 8-й гадзіне вечара зьбяруцца ў цэнтры Магілеву, на вуліцы Першамайскай. І зробячы выкрыж з людзей, апранутых у чорнае, чарнобыльскімі меткамі, запаляць сьвечкі, адстаяць хвіліну памяці і смутку. На гэтае мерапрыемства, паводле словаў кіраўніка абласной арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Анатоля Фёдарава, непатрэбная санкцыя магілеўскіх уладаў. Вертыкаль дала дазвол на мітынг ля дому культуры заводу штучнага валакна, але месца гэтае даволі бязлюднае, таму дэмакраты вырашылі правесьці іншую, больш жывую акцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG