Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


На акцыі Чарнобыльскі шлях працуюць два нашых карэспандэнты: Валер Каліноўскі і Віталь Цыганкоў. Першае простае ўключэньне ў эфір Віталя Цыганкова.

(Вольга Караткевіч: ) "Віталь, першае пытаньне: ці прыйшлі людзі, колькі іх і як гэта выглядае?"

(Віталь Цыганкоў: ) "Я зараз на плошчы Якуба Коласа і, напэўна, традыцыйна варта пачаць з надвор'я. Сёньня ў Менску на працягу дня было цёпла і сонечна. Праўда, прыблізна а пятай гадзіне сталі зьбірацца хмары і выпалі рэдкія такія кропелькі, але зараз па-ранейшаму цёпла і сонечна. Нагадаю, масавасьць сёньняшняй акцыі можна параўнаць з Маршам Свабоды-2 15-га сакавіка, бо ён праходзіў такім самым маршрутам, як і заплянаваны сёньня. Пачатак той акцыі быў прызначаны а шостай гадзіне на плошчы Якуба Коласа. 15 сакавіка на гэты час тут было каля 5 тысяч чалавек. А сёньня тут, на плошчы Якуба Коласа, сабралося каля 5-7 тысячаў чалавек".

(Караткевіч: ) "Тут да нас у Прагу прыйшла вельмі нечаканая інфармацыя. Мы нават падумалі, ці ня жарт гэта. Паводле менскага часу а палове на шостую, было спыненае вяшчаньне радыёперадач беларускага дзяржаўнага радыё для экстранага паведамленьня службы грамадзянскай абароны. Было заяўлена, што ў бліжэйшыя тры гадзіны ў Менску адбудзецца моцная навальніца. Абвестка была паўтораная двойчы, а пасьля радыё аднавіла трансляцыю – гэта я для тых нашых слухачоў, хто, можа, ня чуў гэтай абвесткі, альбо не прысутнічае на Чарнобыльскім шляху. Скажыце, ці неяк гэта паўплывала на масавасьць, ці абмяркоўвалі ўдзельнікі гэтую абвестку?"

(Цыганкоў: ) "Так, людзі абмяркоўваюць, глядзяць на неба, кажуць, што можа навальніца адбудзецца, можа не, але магу сказаць, што мы, журналісты, пагаварылі з начальнікам Галоўнага ўпраўленьня унутраных справаў генэралам Барысам Тарлецкім, які прысутнічаў тут, на плошчы, – ён сказаў, што сёньня адзінае пытаньне, якое яго найбольш хвалюе, – гэта якраз умовы надвор'я. Таксама былі сьведкамі, як генэрал Тарлецкі размаўляў з адным з арганізатараў акцыі Вінцуком Вячоркам, і яны таксама абмяркоўвалі дзеяньні арганізатараў акцыі на выпадак такога незвычайнага надвор'я".

(Караткевіч: ) "Віталь, скажыце калі ласка, адносна атрыбутаў акцыі Чарнобыльскі шлях, ці ёсьць нейкія спэцыфічныя плякаты?"

(Цыганкоў: ) "Ну, плякаты дастаткова традыцыйныя, шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, плякатаў партыяў, але, адзінае, што сёньня вылучаецца, гэта вось такая ўлётка, якая тут раздаецца ўдзельнікам акцыі, тым людзям, якія прыйшлі. Я зачытаю яе: "Грамада! На Бангалёр ня пойдзем! Нас хочуць ператварыць у скаціну, заманіць на дыялёгі, выцясьніць на балоты, на Бангалёр, а затым загнаць у крывавую Расею. Адстаім нашае канстытуцыйнае права быць гаспадарамі на сваёй зямлі. У гэты знакавы дзень нашае месца – на праспэкце імя Францішка Скарыны. Жыве Беларусь!" Гэтая ўлётка падпісаная Нацыянальна-вызвольным рухам, і яна раздавалася разам з улёткамі Беларускай салідарнасьці. Я запытаўся Вінцука Вячорку пра ягонае меркаваньне пра гэтую ўлётку і пра гэты заклік ісьці па праспэкце Скарыны. Вінцук Вячорка сказаў, што гэта, безумоўна, правакацыя. Ён сказаў, што мы адстаялі права прыйсьці сюды, на плошчу Якуба Коласа і пайсьці тым шляхам, які выбралі, шляхам Марша Свабоды-2. І той, хто хоча гэтаму перашкодзіць, гэта, натуральна, правакатар".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG