Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Другое простае ўключэньне ў эфір Віталя Цыганкова. Ён гутарыць з Вінцукрм Вячоркам.

(Караткевіч: ) "Віталь, вось я толькі прачытала інфармацыю, што ў шэсьці бяруць удзел каля 30 тысячаў чалавек. Ці можаце пацьвердзіць гэтую інфармацыю?"

(Цыганкоў: ) "Так, гэтую лічбу можна пацьвердзіць, хаця дакладную лічбу пакуль сказаць цяжка. Але паводле меркаваньняў удзельнікаў і журналістаў менавіта каля 30 тысячаў удзельнікаў бяруць удзел у шэсьці. Галава калёны, дзе мы зараз знаходзімся, неўзабаве ўжо падыйдзе да плошчы Бангалёр, а хвост яшчэ расьцягнуўся – толькі сканчае паварочваць з праспэкта на вуліцу Сурганава каля Акадэміі Навук.

Колькі словаў, як выглядае шэсьце. Наперадзе людзі нясуць ікону Маці Божай ахвяраў Чарнобыля і ўвесь час з прамежкам у некалькі сэкундаў зьвініць звон. Таксама нясуць чорныя транспаранты з надпісамі раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыля. Выдзяляюцца шэрагі Беларускай партыі Свабоды, яны ідуць з уласнай сымболікай у цэнтры калёны і выкрыкваюць свае лёзунгі.

Ну а цяпер каб падзяліцца ўражаньнямі і ацаніць вынікі сёньняшняга шэсьця, я перадаю мабільны тэлефон Вінцуку Вячорку, кіраўніку партыі БНФ".

(Караткевіч: ) "Добры дзень, спадар Вінцук, ці задаволены Вы тым, як адбываецца шэсьце?"

(Вячорка: ) "Так, людзі сабраліся, і іх сабралася шмат, вельмі шмат. Ідучы наперадзе, цяжка ацаніць дакладную колькасьць. Я думаю, што мы ацэнім яе на павароце на вуліцу Багдановіча. Але гэта, прынамсі, некалькі дзясяткаў тысячаў. Настрой у людзей крышку, можа быць, адрозьніваецца ад настрою на папярэдніх акцыях, якія адбываліся нармальна – на Маршы Свабоды-1. Тут усё ж болей задумы, тут абразы, тут звон, і гэта спрыяе задуме пра тое, што гэты дзень – дзень такой экзыстэнцыяльнай развагі – ці выжывем мы як нацыя, з гэтым рэжымам, гэтай небясьпекай страты незалежнасьці".

(Караткевіч: ) "Спадар Вінцук, скажыце, як там з надвор'ем, бо папярэджвалі па дзяржаўным радыё, што плянуецца навальніца?"

(Вячорка: ) "Я ня ведаю, як наконт навальніцы, пакуль тут нідзе навальнічных хмараў не відаць, можа, і хацелі б нагнаць, але пакуль што Лукашгэнка не такі ўсемагутны, як быў яшчэ чатыры гады таму, калі даў губэрнатару Берасьцейскае вобласьці Заламаю дождж. Нам ён дажджу ня даў".

(Караткевіч: ) "Вядома, што звычайна на такіх акцыях вельмі актыўна прысутнічаюць рэгіёны. Зь якіх рэгіёнаў у Менску зараз ёсьць калёны?"

(Вячорка: ) "Асобных калёнаў з рэгіёнаў няма, але я бачу асобныя сьцяжкі, гербы ня толькі раёнаў Гомельскай, але і Магілеўскай вобласьці, практычна, гэта прадстаўнікі ўсіх заражаных раёнаў – дарослыя і дзеці, – яны прыехалі па лініі фонду Генадзя Грушавога "Дзецям Чарнобыля". Прыехала вельмі шмат проста грамадзка-палітычна актыўных людзей, у тым ліку з фронтаўскіх структураў з Баранавічаў, Барысава, Маладэчна, Горадні, Мазыра, Воранава – гэта толькі тыя, каго я цяпер прыгадаў. Але думаю, што практычна ўсе рэгіёны Беларусі сёньня тут прысутныя".

XS
SM
MD
LG