Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Яшчэ адно простае ўключэньне ў эфір Валера Каліноўскага. Побач зь ім ля мабільнага тэлефона сябра чэскай дэлегацыі, прэзыдэнт фонду "Чалавек у нядолі" Томаш Пояр.

(Каліноўскі: ) "Калёна расьцягнулася на ўсю вуліцу. Сапраўды шмат людзей, дзесяткі тысячаў, вельмі шмат моладзі і на гэты момант ніякіх інцэдэнтаў няма.

А быў адзін нават такі прыемны момант. Аўтамабілісты вымушаныя былі спыніцца на вуліцы Сурганава, бо ім замінала калёна. Яны чакалі, але не былі такімі нецярплівымі і пачалі вітаць дэманстрантаў гукамі сірэнаў сваіх аўтамабіляў. Гэта вельмі натхніла людзей. У калёне вельмі шмат назіральнікаў. Як я ужо паведамляў, яны прыбылі у Беларусь на чарнобыльскі шлях у якасьці назіральнікаў з дзесяці краінаў. Я сустракаўся з чорнаскурымі прадстаўнікамі арганізацыі "Маці зямлі", а таксама з чэхамі.

А зараз побач са мною прадстаўнік чэскай дэлегацыі Томаш Пояр, якога я хачу запытаць пра ягоныя уражаньні і ягоныя погляды на супрацоўніцтва дэмакратычнай Беларусі і дэмакратычнай Чэхіі.

(Пояр: ) "Я думаю, што ўсё будзе спакойна. Я прыехаў з двума чэскімі сэнатарамі – Міхалам Жантоўскім, старшанём камітэта па замежных справах чэскага парлямэнта, і спадаром Янам Румлам. Мы тут былі два дні, паразмаўлялі аб абстаноўцы з рознымі прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў, няўрадавых і праваабарончых арганізацыяў, сустракаліся зь міністрам замежных справаў Беларусі спадаром Латыпавым. Мы прыехалі таксама на Марш, каб паназіраць за сытуацыяй і паглядзець, каб тут не было тых праблемаў, якія былі на маршы Свабоды ў сакавіку. Зараз усё спакойна, і мы спадзяемся, што будзе спакойна, але мне ўжо патэлефанавалі, што нейкія праблемы ў людзей, якія засталіся на плошчы, дзе пачынаўся марш".

(Каліноўскі: ) "Як правіла пасьля чарнобыльскіх шляхоў беларускія ўлады абвінавачваюць апазыцыю ў тым, што гэтая акцыя выкарыстоўваецца як палітычная кан'юктура. Як Вы лічыце, ці можна казаць аб праблеме Чарнобыля як аб непалітычнай праблеме?"

(Пояр: ) "Я думаю, што ў Беларусі – дыктатура Аляксандра Лукашэнкі. Тут няма дэмакратыі, няма дэмакратычных выбараў. Я гэта разумею, я сам ладзіў розныя экалягічныя дэманстрацыі ў Чэхіі. Беларусь – гэта краіна, дзе няма свабоды. Так бывае, Лукашэнка разумее, што
такія акцыі – пагроза яго уладзе".

(Каліноўскі: ) "Адносна інцэдэнта, пра які казаў спадар Пояр, нельга сказаць, што гэта быў сапраўдны інцэдэнт. Проста частка дэманстрантаў спазьнілася на пачатак, і яны накіравалася не па праспэкце Скарыны, а па іншай вуліцы. А зараз калёна ўступае на плошчу Балганёр, дзе і пачнецца мітынг".

XS
SM
MD
LG