Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Другі рэпартаж нашага карэспандэнта зь Віцебску, у якім ён падводзіць вынікі сёньняшніх грамадзкіх акцыяў з нагоды гадавіны Чарнобыльскае трагедыі.

Сёньня ў Віцебску быў абраны першы дэлегат маючага адбыцца Усебеларускага сходу. Падчас мітынгу памяці Чарнобыльскай трагедыі прысутныя прагаласавалі за свайго прадстаўніка.

Мітынг, які сабраў каля чатырохсот удзельнікаў, пачаўся а 18-й гадзіне на пляцу імя Леніна прамовай старшыні грамадзкага аб'яднаньня "Чарнобыль — дапамога" Анатоля Гнеўкі. Ён распавёў пра становішча чарнобыльцаў вобласьці, пра тыя праблемы, якія паўстаюць перад ліквідатармі аварыі на ЧАЭС і перасяленцамі, і пра антыгуманны падыход уладаў усіх узроўняў да гэтых праблемаў. "Мы накіравалі гарадзкім і абласным уладам лісты з просьбай ушанаваць памяць загінуўшых чарнобыльцаў сьцягамі з жалобнымі стужкамі, а таксама інфармацыйнымі траспарантамі на вуліцах горада. Нажаль, улады праігнаравалі нашую просьбу" — сказаў спадар Гнеўка.

Хвілінай смутку пад мерны гук звона прысутныя ўшанавалі памяць жыхароў Віцебшчыны, загінуўшых і памёрлых у выніку катастрофы. Да яднаньня ўсіх хрысьціян перад тварам жудаснай трагедыі Чарнобыля заклікаў ксёнз касьцёла Сьвятой Барбары Аляксандр. Перад прысутнымі выступілі інвалід Чарнобыля Сяргей Іконнікаў, былы аператар чацьвёртага блёку ЧАЭС Юры Канунцоў, урач, які быў у тыя дні ў зоне аварыі, Міхась Паўлаў, настаўніца-перасяленка Алена Барысенка і іншыя. Чакалі сьвятара праваслаўнай царквы, але ён так і не прыйшоў. Напрыканцы акцыі па прапанове старшыні абласной Рады ТБМ спадара Іосіфа Навумчыка і адбыліся выбары дэлегата на Усебеларускі сход. Ім стаў чарнобылец Анатоль Гнеўка.

Адначасова з мітынгам да помніка Еўдакіі Лось з красамоўным надпісам "Я з табой, несьмяротны народзе!.." ля абласной бібліятэкі выйшла група з 10-ці чалавек, каб правесьці Хвіліну смутку па ахвярах Чарнобыля. Гэта былі чальцы гарадзкой арганізацыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. У руках яны трымалі запаленыя сьвечкі, на галовах былі завязаныя чорныя стужкі, яны трымалі абразы, плякат "Лука — другі Чарнобыль" і распаўсюджвалі сярод ідучых па ходніках улёткі з тэкстам "Не саюзу з Расеяй, не ядзернай зброі на Беларусі, Масква, заплаці за Чарнобыль" і іншыя. Людзі даволі ахвотна бралі ўлёткі, размаўлялі з пікетоўшчыкамі, а дзьве жанчыны — адна сталага ўзросту, другая — зусім бабулька — сталі побач з запаленымі сьвечкамі. Пасажыры аўтобусаў і тралейбусаў выходзілі і зьвярталіся да ўдзельнікаў акцыі.

Ніякіх агрэсіўных праяваў не было. Міліцыянты, якія хаваліся наводдаль, не вытрымалі толькі аднаго разу: нейкі маёр, які не прадставіўся, хутка сарваў плякат, а потым патрабаваў ад Юрася Карпава, каб той прыбраў бел-чырвона-белы сьцяг. Але нічога не дамогшыся, зыйшоў. Пасьля трыццаці пяці хвілінаў акцыі пікетоўшчыкі разыйшліся.

XS
SM
MD
LG