Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Чарнобыльскі Шлях-2000 стаў адной з апошніх масавых акцыяў "Гарачае вясны" 2000 году. Валер Каліноўскі падае вынікі сёньняшняга шэсьця і мітынгу, пасьля заканчэньня якіх лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч заклікаў правесьці народныя гуляньні 14 траўня ў дзень 5-е гадавіны першага сумнавядомага рэфэрэндуму.

Гэтая акцыя стала адной з самых масавых сёлета. Паводле ацэнак арганізатараў (у прыватнасьці, Вячаслава Сіўчыка) на ім было больш за 30 тысячаў чалавек, а падпалкоўнік Сяргей Саланец з Гарадзкое ўправы нутраных справаў налічыў толькі пяць тысячаў. Акцыя, прымеркаваная да гадавіны Чарнобыльскае трагэдыі, набыла выразна палітычнае адценьне. Пра гэта сьведчыў зьмест транспарантаў, выступы й рэзалюцыя, якая была ўхваленая на мітынгу.

Арганізатары акцыі – лідэры апазыцыі – расцэньваюць яе, як сваю перамогу, прычым ня столькі з-за таго, што прыйшло шмат людзей, але таму, што марш адбыўся ў традыцыйным фармаце. У прыватнасьці, лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка зазначыў у інтэрвію "Радыё Свабода", што пад націскам апазыцыі і замежнае грамадзкасьці беларуская ўлада была вымушаная адступіць і дазволіць шэсьце, і што апазыцыі ўдалося дамагчыся адстаўкі міністра нутраных справаў Сівакова.

Ва ўхвале Чарнобыльскага шляху выказана некалькі патрабаваньняў:

"– Незалежная і свабодная Беларусь у садружнасьці эўрапейскіх нацыяў здольная мінімізаваць наступстывы Чарнобылю;
– Патрабуем ад Расеі поўнае кампэнсаці за пакуты беларускага народу ад Чарнобылю;
– Рэжым, які замест таго, каб ратаваць людзей, зноў прымусіў іх жыць і вырабляць харчовыя прадукты на забруджаных тэрыторыях – злачынны й мусіць сысьці".

Найбольш эмацыйнай на мітынгу была прамова новага лідэра Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоля Лябедзькі…

(Голас Лябедзькі на мітынгу: ) "На спрабуюць паставіць на калені. Сёньня пракурор запрасіў для Міхаіла Чыгіра пяць год турмы. Ганьба! (натоўп шматкроць скандуе "Ганьба!") Гэты рэжым ужо пасадзіў у турму Кудзінава і Клімава, гэты рэжым забіў Генадзя Карпенку, але мы прыходзім сюды, каб сказаць "Не! Мы пераможам" Мы – народ!".

Так рэагавалі ўдзельнікі мітынгу на выступ Анатоля Лябедзькі. Ня менш прыязна ўспрымалі прамову лідэра маскоўскай арганізацыі "Маладзёвае антыфашысцкае дзеяньне" Пятра Казначэева. Ён быў на "Чарнобыльскім Шляху" чацьверты раз, і быў разам зь 17 іншымі актывістамі сваёй арганіазацыі зарыштаваны беларускай міліцыяй у 98-м годзе. Тады ж ён паабяцаў праз два гады выступіць на беларускай мове й слова сваё стрымаў. Гаворыць Пятро Казначэеў…

(Казначэеў: ) "Агонія рэжыму ўсё мацней. Сутаргі часьцей. Зараз усім відавочна, што аўтарытарны лад на Беларусі асуджаны гэтак сама, як асуджаны любы недэмакратычны лад. Яму на зьмену прыйдзе нацыянальная дэмакратыя, і гэта толькі пытаньне часу.

Падымайся зь нізін, сакаліна сям'я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі.
Занімай Беларусь, маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!

Гэты заклік Янка Купала зьвярнуў да беларускай моладзі. Нашыя аднагодкі тут – беларуская дэмакратычная моладзь – гэта авангард апазыцыі сёньня і гарант падзеньня дыктатуры заўтра. Жыве Беларусь! (натоўп: Жыве!) За нашу і вашу свабоду!"

Гаварыў лідэр маскоўскай антыфашысцкай арганізацыі Пятро Казначэеў.

У Менск прыехала шмат замежных назіральнікаў, былі парлямэнтарыі зь Нямеччыны, Чэхіі, расейскія антыфашысты, прадстаўнікі дабрачынных арганізацыяў з тузіну краінаў, ад Нарвэгіі да Шры-Лянкі.

XS
SM
MD
LG