Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Пра шэсьце і мітынг у Пінску паведамляе наш карэспандэнт Аляксей Дзікавіцкі. Улады там забаранілі набажэнства грэка-каталіцкаму сьвятару.

Наперадзе шэсьця несьлі чорны крыж ды білі ў жалобны звон. Прысутныя несьлі таксама плякаты з надпісамі "Грошы не на разгон мірных шэсьцяў, а на чыстую ежу нашым дзецям", "Чарнобыль радыяцыйны і Чарнобыль акупацыйны", "Патрабуем спыніць вытворчасьць прадуктаў харчаваньня ў забруджанай зоне" ды іншыя .

Па дарозе удзельнікі шэсьця зайшлі ў касьцёл францішканаў, дзе грэка- каталіцкі сьвятар адслужыў невялікае набажэньства па ахвярах Чарнобыльскае трагедыі, пад час якога прысутныя прасьпявалі малітву "Магутны божа".

Прыкладна ў 20 гадзінаў удзельнікі акцыі прыйшлі на наберажную ракі Піна, дзе адбыўся невялікі мітынг. Па традыцыі прысутныя спусьцілі на ваду вянок, які панесла ў бок Чарнобыля. Варта адзначыць, што спачатку набажэнства плянавалася наладзіць на наберажнай ракі Піна, у гарадскім парку адпачынку, і гэта было дазволена рашэньнем выканкаму. Аднак на пачатку шэсьця выканкамаўскія чыноўнікі заявілі арганізатарам, што набажэнства пад адкрытым небам не дазваляецца, патлумачыўшы гэта тым, што грэка-каталіцкая парафія ў Пінску не зарэгістраваная, а набажэнства – гэта прапаганда пэўных рэлігійных поглядаў.

Яшчэ раней выканкам забараніў выкарыстоўваць пад час шэсьця нават зарэгістраваныя сьцягі. Як стала вядома, такое патрабаваньне мясцовыя чыноўнікі ўнесьлі ў дазвол на правядзеньне Чарнобыльскага Шляху пасьля ліста з Берасьцейскага аблвыканкаму, падпісанага намесьнікам старшыні аблвыканкаму спадаром Захарчанкам, у якім гар- і райвыканкамам загадвалася пільна сачыць за датрыманьнем заканадаўства пад час веснавых акцыяў апазыцыі.

Аднак яшчэ ўчора праваабаронцы зь Пінскага аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага камітэту падалі скаргу ў пракуратуру на незаконныя патрабаваньні выканкаму, бо, на іх думку, ніякі выканкам ня можа забараніць грамадзянам карыстацца сьцягамі, якія адпаведным чынам зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі.

Такім чынам за сьцягі сеньня нікога не арыштавалі. Верагодна, што некаторыя з прысутных атрымаюць позву ў міліцыю ў наступны дзень як гэта было нядаўна з арганізатармі Дня Волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG