Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Пра тое, як пад час сёньняшняй акцыі апазыцыі паводзілі сябе праваахоўныя ворганы, распавядае Любоў Лунёва. Без затрыманьняў не абыйшлося. Спэцназаўцы часам паводзілі сябе брутальна.

Ужо напачатку шэсьця праваахоўныя ворганы правялі затрыманьні на пляцы Якуба Коласа. Калі калёна пачала свой шлях па праспэкце Францыска Скарыны, частка людзей заставалася на пляцы.

Там сьпяваў жаночы хор, знаходзіліся сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ. Да іх пад'ехалі 2 аўтобусы, зь якіх выскачылі спэцназаўцы. Яны пачалі хапаць людзей і кідаць іх у "аўтазакі".

Сярод затрыманых сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Анатоль Крыварот, кіраўнік Чашніцкае раённай арганізацыі Андрэй Млычык і некалькі жанчынаў. Усяго каля 10 чалавек.

Алесь Чахольскі, сакратар управы гэтае партыі, паведаміў "Радыё Свабода"…

(Чахольскі: ) "Вось што адбылося на Чарнобыльскім Шляху. Як быццам бы з уладамі было ўсё дамоўлена, але ж пасьля гэтага яны подла сябе паводзілі. Пачаўся хапун, пачалі браць людзей".

Пасьля заканчэння мітынгу на пляцы Бангалёр міліцыянтамі былі схопленыя і адвезеныя ў Савецкі РАУС непаўнагадовыя Андрэй Ануфрыеў і Аляксандар Атрошчанкаў. На вуліцы Максіма Багдановіча міліцыянты выхапілі з натоўпу й кінулі ў "варанок" Зьміцера Жураўчанку і Андрэя Сацуту. Зараз яны знаходзяцца ў дзяжурнай частцы Савецкага РАУСу.

Супрацоўнікі міліцыі Гарадзкое ўправы нутраных справаў затрымалі на пляцы Бангалёр 2 мікрааўтобусы, у якіх знаходзіцца апаратура, транспаранты й сьцягі. Мікрааўтобусы адвезьлі на стаянку ля будынку Савецкага РАУСУ, а затрыманых людзей – у дзяжурную частку.

Сярод затрыманых – адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец.

Загаду зьняць узмоцненую ахову з вуліцаў Менску да гэтага часу не было.

XS
SM
MD
LG