Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Алена Ціхановіч

У Іране пачаўся масавы наступ на прэсу. Такім чынам дагэтуль уплывовыя ў краіне кансэрватыўныя колы спрабуюць перашкодзіць шляху рэформаў, на які зарыентаваны прэзыдэнт Хатамі. Сёньняшні камэнтар на гэтую тэму ў газэце "New York Times".

"New York Times" нагадвае, што ў гэтую нядзелю суд Тэгерану спыніў выхад васьмі штодзённых газэтаў і чатырох тыднёвікаў. Усе гэтыя выданьні падтрымлівалі прэзыдэнта Хатамі, чый курс рэформаў і стаўка на адкрыты палітычны дыялёг забясьпечылі яму як шырокую падтрымку ў грамадзтве, так і жорсткае супраціўленьне клерыкальных колаў Ірану.

Атакі на рэфарматараў пачаліся неўзабаве пасьля першага туру выбараў 18 лютага, калі прапрэзыдэнцкія кандыдаты выйгралі каля 70 працэнтаў месцаў у парлямэнце. Яны цешыліся на сваю перамогу і спадзяваліся яе замацаваць у другім туры, заплянаваным на сакавік, аднак дагэтуль другі тур так і не праведзены. Кансэрватыўная Рада назіральнікаў, якая мае вырашальны голас у іранскай заканадаўчай сыстэме ды іншых важных пытаньнях, пачала мэтадычна пераглядаць вынікі першага туру і ануляваць іх у шэрагу правінцыяў. У большасці, гэта тыя мясцовасьці, дзе перамаглі прыхільнікі Хатамі. У Іране апасаюцца, што клерыкалы-кансэрватары, якія маюць кантроль над старым парлямэнтам, так проста не здадуць сваю ўладу.

Першы сур'ёзны ўдар рэфарматары адчулі неўзабаве пасьля выбараў, калі на вуліцы Тэгерана стралялі ў Саеда Гайджарана, аднаго з лідэраў руху і блізкага саюзьніка прэзыдэнта Хатамі. Затым парлямэнт прыняў жорсткі закон аб друку, паколькі зь яго ўплывам кансэрватары зьвязваюць свае дрэнныя вынікі ў выбарах. Некаторыя ісламскія клерыкалы пачалі нават адкрыта заклікаць пакарць сьмерцю рэфармісцкіх лідэраў.

Адзін з рэдактараў зачыненых газэтаў, Эмамедзін Бахі, між тым лічыць, што ў гэты момант лепш адступіць на крок назад і захаваць спакой. Бо, напрыклад, летась, калі група студэнтаў выйшла на вуліцы пратэставаць супраць закрыцьця газэтаў, іх зьбілі ісламскія дружынікі. Любыя беспарадкі толькі ўскладняць пазыцыю Хатамі , мяркуюць яго прыхільнікі. І хаця сёньня невялікая група студэнтаў ізноў выходзіць на марш пратэсту, у лягеры рэфарматараў пераважае іншы настрой. Зь ім салідарызуюцца таксама журналісты ды юрысты, якія кажуць, што яны ня будуць пратэставаць супраць закрыцьця газэтаў спосабам, якім ужо раней гэта рабілі. Яны прыйшлі да высновы, што лепш проста праз пару дзён адчыніць новую газэту пад іншай назвай, але з тым жа штатам.

Але трэба мець на ўвазе, што шэраг журналістаў паўстаюць перад судом і адпраўляюцца ў турму за артыкулы, у якіх будзе заўважаная пагроза каштоўнасьцям ісламу. Так, толькі на працягу апошніх тыдняў паводле падобнага абвінавачаньня былі зьняволеныя тры журналісты.

Карэспандэнт "New York Times" паспрабаваў распытаць жыхароў іранскай сталіцы, якіх сустрэў ля зьбяднелых шапікаў з прэсай, ці хвалюе іх закрыцьцё газэтаў. Жанчына ў чадры, якая назвалася Гавар, сказала наступнае: "Я ня думаю, што нейкія рэчы хаваюцца ў нашай краіне. Нават бяз прэсы мы гэта можам бачыць. Але тым ня менш я занепакоеная. Бо гэта ўплывае на будучыню нашай краіны, і калі нешта падобнае здараецца, гэта абарочваецца і супраць нас".

XS
SM
MD
LG