Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Пад дэвізам "Дамо шанец маладым" у Менску ў грамадзка-палітычным цэнтры прайшоў другі зьезд БПСМ. БПСМ, нагадаем, быў утвораны тры гады таму, і цяпер з дапамогаю дзяржавы стаў самай масавай маладзёвай арганізацыяй у Беларусі.

"«Беларускі патрыятычны саюз моладзі» адбыўся як дзяржаўная арганізацыя". Гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі, прамоўленыя сёньня на зьезде, напэўна, зьяўляюцца ключавымі для вызначэньня той ролі, якую надае кіраўніцтва дзяржавы гэтай маладзёвай структуры.

Тое, што БПСМ ня простая грамадзкая арганізацыя, ведаюць усе, але на зьезьдзе гэта яшчэ раз было падкрэсьлена прысутнасьцю вышэйшага чынавенства – Замяталіна, Пашкевіча, Посахава, Абрамовіча, шэрагу міністраў. Усе яны адарваліся ад сваіх важных дзяржаўных справаў, каб прысьвяціць амаль увесь працоўны дзень зьезду адной з грамадзкіх арганізацыяў, якіх у Беларусі, дарэчы, больш як 1300.

Зьезд распачаў гадзіннай прамоваю Аляксандар Лукашэнка. Ён, відавочна, сьпяшаўся, таму насуперак сваёй звычцы амаль не адхіляўся ад тэксту дакладу. Лукашэнка даў зразумець, што БПСМу й надалей будзе аказвацца дзяржаўная падтрымка.

Тут варта нагадаць, што, паводле адпаведнага прэзыдэнцкага дэкрэту № 308, быў створаны фонд сацыяльнай абароны моладзі, зь якога БПСМ атрымаў звыш 400 мільярдаў рублёў на свае праграмы. Згодна з гэтым дэкрэтам, кіраўнікі раённых камітэтаў БПСМ былі ўключаныя ў склад мясцовых выканаўчых камітэтаў і ў дэканаты ВНУ.

Лукашэнка, аднак, выказаў незадавальненьне некаторымі недахопамі ў працы Саюзу. Ён назваў недапушчальнай сытуацыю, калі, напрыклад, суполка БПСМ на такім вялізным прадпрыемстве, як Менскі трактарны завод, складае ўсяго 6 чалавек. Увогуле, рабочая і сялянская моладзь вельмі неахвотна йдзе ў БПСМ, –адзначыў Лукашэнка.

Прачытаўшы прамову, кіраўнік дзяржавы адразу пакінуў залю зьезду, дзе пасьля невялікага перапынку са справаздачным дакладам выступіў першы сакратар ЦК БПСМ Усевалад Янчэўскі. 23-гадовы маладзёвы лідар вырашыў не адставаць у часе ад свайго палітычнага куміра, і расьцягнуў прамову на гадзіну, хаця паводле рэглямэнту яна мусіла быць у два разы карацейшай.

Янчэўскі назваў галоўным паказьнікам аўтарытэту БПСМ колькасьць сябраў арганізацыі, якая складае цяпер 188 тысячаў. На працягу сьпічу Янчэўскі неаднаразова ўзмацняў свае аргумэнты словамі накшталт "як слушна адзначыў прэзыдэнт", "як сказаў Аляксандар Рыгоравіч" і гэтак далей.

А самі дэлегаты з'езду цудоўна разумелі, што ад іх патрабуецца. Ня вельмі ўважліва слухаючы выступоўцаў, яны ў патрэбных месцах утваралі "бурныя воплескі". Прыняўшы правілы гульні, яны зь нецярпеньнем чакалі заканчэньня зьезду, пасьля чаго мусіў абдыцца ўрачысты канцэрт і дыскатэка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG