Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Не спраўдзіліся прагнозы тых, хто лічыў , што сёньня завершыцца судовае расьледваньне ў справе Міхала Чыгіра, і пракурор абвесьціць, якое пакараньне ён просіць для былога прэм'ера. Замест гэтага суд на патрабаваньне абароны працягвае разьбірацца з мытнымі праблемамі.

Сёньня, як у першыя дні працэсу паўгады таму, судовая заля была напоўненая, у тым ліку прыйшло шмат журналістаў. Аднаўленьне цікавасьці да суду над Міхалам Чыгіром тлумачыцца тым, што вось-вось судзьдзя мусіць абвесьціць заканчэньне стадыі судовага разьбіральніцтва й перайсьці да спрэчак. А паколькі судовыя спрэчкі адкрывае пракурор, то, хаця б у прыблізным выглядзе, становіцца вядомым прысуд.

Сёньня сытуацыя як раз балянсавала на гэтай мяжы, і ўсё ж спрэчкі не пачаліся. Адтэрміноўка адбылася спачатку дзякуючы абароне, а потым свой унёсак зрабіў пракурор Жынгель.

Чаго ж дамагаецца абарона ў гэтыя апошнія дні судовага разьбіральніцтва?

Галоўнае, абарона прапануе суду дэталёва разабрацца з абставінамі ўзычэньня мытных адтэрміновак фірме "Піаск" – а гэта, заўважу, цяпер ужо фактычна цэнтральны эпізод абвінавачваньня. Сёньня абарона экс-прэм'ера двойчы заяўляла хадайніцтвы ў запатрабаваньні з Мытнага камітэту шэрагу дакумэнтаў у дадатак да тых, што ўжо абсьледванны.

Адвакаты сьцьвярджаюць, што з дапамогаю гэтых дакумэнтаў дакажуць ілжывасьць паказаньняў супрацоўнікаў мытні, якія падтрымліваюць у судзе абвінавачваньне Чыгіра.

Але суд двойчы хадайніцтвы абароны адхіляў, пагаджаючыся з пракурорам, які лічыць, што матэрыялаў у справе хапае. Тады абаронцы Пыльчанка, Паганяйла й Гэнтар, а трэба заўважыць, яны дзейнічаюць вельмі ўпарта й хватка, пайшлі іншым шляхам. Суду быў прад'яўлены цікавы дакумэнт з мытні, для "нутранога карыстаньня". Гэта сьпіс з 32 фірмаў і прадпрыемстваў, якія у 1996 годзе, падобна фірме "Піаск", мелі запазычанасьць перад мытняй з прычыны адтэрміноўкі плацяжоў.

У сьпісе акрамя камэрцыйных фірмаў такія гіганты прамысловасьці, як трактарны завод, аб'яднаньне "Атлант", "Інтэграл". Гэты сьпіс ілюструе ранейшыя заявы Міхала Чыгіра пра тое, што йснавала сыстэма атрыманьня прэфэрэнцыяў, і яна была законнай, бо ўрад быў надзелены правам усталёўваць рэжым выплаты мытаў.

Абаронцы прапануюць суду разабрацца з абставінамі наданьня прэфэрэнцыяў гэтым прадпрыемствам, дзеля чаго трэба запатрабаваць з мытні адпаведныя дакумэнты.

Прадстаўнікі мытні супраць. Мытнік Славамір Антановіч заяўляе, што разглядаецца толькі выпадак зь "Піаскам" і ня трэба лезьці ў іншыя справы. Пракурор Віктар Жынгель таксама рашуча супраць. Суд яўна вагаецца. На што абаронца Гары Паганяйла заяўляе: "Усе гэтыя абставіны павінны быць вывучаныя судом, інкш вы даеце нам права засумнявацца ў аб'ектыўнасьці разьбіральніцтва, мы пачынаем падазраваць суд у абвінаваўчым ухіле".

Судзьдзя Аляксандар Васілевіч яшчэ нейкі час павагаўся і ў выніку абвесьціў перапынак да заўтра. Калі заўтра й гэтае хадайніцтва абароны будзе адхіленае, хутчэй за ўсё слова ў спрэчках атрымае пракурор. Але ў тым выпадку, калі адвакаты ня выцягнуць з запасьнікоў яшчэ нейкі сюрпрыз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG